Міхаіл Пастухоў: Судовая рэформа яшчэ і не пачыналася
Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў ацэньвае судовую рэформу, якая праводзіцца ў краіне.
Падчас сустрэчы кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам было заяўлена, што судова-прававая рэформа ў Беларусі выходзіць на завяршальную стадыю.
„Беларусь часта абвінавачваюць у нейкім аўтарытарызме, яшчэ ў нечым. Пастаянна ідуць дыскусіі, асабліва мы чуем у Расеі, пра незалежнасць судоў і гэтак далей, і да таго падобнае. Але мы ўжо столькі рашэнняў прынялі зусім нядаўна”, – цытуе БЕЛТА Лукашэнку.
Чакаецца, што ў гэтым годзе апошні этап судова-прававой рэформы будзе завершаны.
Міхаіл Пастухоў: Так званая судовая рэформа ажыццяўляецца ў нас на падставе дэкрэтаў і указаў прэзідэнта. У прыватнасці, была пашырана кампетэнцыя Вярхоўнага суда, праведзена аб’яднанне агульных і гаспадарчых судоў… Але хіба гэта сапраўдная рэформа? Прадстаўнікі Вярхоўнага суда пра гэта нярэдка заяўляюць, але, на мой погляд, гэта проста словы, якія не маюць пад сабой ніякай падставы. Рэформа – гэта прыняцце істотных радыкальных мераў для таго, каб палепшыць якасць работы судоў і самае галоўнае – забяспечыць незалежнасць суда ад уплыву іншых органаў улады.
РР: Можа быць, судовая рэформа якраз і дапаможа прыйсці да гэтага?
Міхаіл Пастухоў: Шчыра кажучы, не веру ў гэту. У Беларусі шмат у чым яшчэ застаецца судовая сістэма савецкага мінулага нават з такім рарытэтатам, як народныя засядацелі. Мы далёка не адышлі ў бок ад гэтай савецкай сістэмы, а па сутнасці – прынялі яе мадэль. А трэба пераходзіць на прынцыпова новыя рэйкі. Судовая сістэма павінна грунтавацца на прынцыпах, якія б забяспечылі ёй незалежнасць, высокі прафесіяналізм суддзяў і давер насельніцтва. Практычна ніводны з гэтых крытэрыяў сёння на сто адсоткаў не адпавядае таму, што ёсць. Таму казаць пра завяршэнне судовай рэформы не даводзіцца. Яна яшчэ нават і не пачыналася. Я не бачу, што прадпрыняты нейкія кардынальныя меры, каб суды сталі незалежнымі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя