Такаеў падпісаў законы аб абмежаванні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў падпісаў шэраг законаў, якія абмяжоўваюць прэзідэнцкія паўнамоцтвы, а таксама вядуць да змены палітычнай сістэмы ў краіне.
Са студзеня 2023 года ў Казахстане пачне дзейнічаць Канстытуцыйны суд, у яго змогуць звяртацца грамадзяне. Замацаваны статус і паўнамоцтвы ўпаўнаважанага па правах чалавека.
Паўнамоцтвы прэзідэнта скарачаюцца ў дачыненні да мясцовых выканаўчых органаў і Вышэйшай судовай рады. Змяншаецца прэзідэнцкая квота ў верхняй палаце парламента. Прэзідэнт не зможа знаходзіцца ў партыях, а яго блізкія сваякі не змогуць займаць палітычныя пасады і кіруючыя пасады ў квазідзяржсектары.
Казахстан пераходзіць да змешанай выбарчай сістэмы. Дэпутаты парламента і мясцовых саветаў будуць абірацца таксама па аднамандатных акругах. Дэпутатаў можна будзе адклікаць. Уводзіцца выбарнасць кіраўнікоў адміністрацый раёнаў і гарадоў абласнога значэння.
Зніжаны парог для рэгістрацыі палітычных партыяў. Цяпер будзе дастаткова 5 тысяч, а не 20 тысяч сябраў. Патрабаванні аб мінімальнай колькасці рэгіянальных прадстаўніцтваў палітычных партый зніжаны з 600 да 200 чалавек, патрабаванні па мінімальнай колькасці ініцыятыўнай групы грамадзян для стварэння палітычнай партыі – з 1 тыс. да 700 чалавек. Таксама тут прадугледжваюцца папраўкі па павелічэнні тэрміна правядзення ўстаноўчага з’езда па стварэнню палітычнай партыі з 2 да 3 месяцаў.