Лік прызнаных палітвязняў у Беларусі наблізіўся да 1400



Праваабаронцы прызналі палітвязнямі ў Беларусі яшчэ 21 чалавека.

Амаль палова з іх асуджаная за абразу Лукашэнкі. Такім чынам, цяпер прызнаных палітвязняў у краіне 1393, рэальная колькасць нашмат большая. Мінулым ранкам на волю выйшаў палітвязень Алег Фамін. Ён адбываў свой тэрмін у Шклоўскай папраўчай калоніі № 17, піша ПЦ Вясна.

48-гадовы прадпрымальнік, трэнер па футболе з Ваўкавыска быў затрыманы 15 жніўня 2020 года і асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў за нібыта „гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”. Таксама Алег павінен быў выплаціць „пацярпеламу” міліцыянту Вячаславу Іванову 2 000 рублёў.

Разам з ім да 1,5 гадоў „хатняй хіміі” была асуджана і яго жонка Анастасія Фаміна, якая тады кінулася мужу на дапамогу. На судзе Фаміны сваёй віны не прызналі.