Яго справа ў КДБ дасюль не закрытая



5 лістапада спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння беларускага палітычнага дзеяча, кіраўніка арганізацыі беларускага антысавецкага супраціву  “Чорны кот” генерала Міхася Вітушкі (1907-2006).

Міхась Вітушка быў родам з Нясвіжа. Атрымліваў адукацыю ў Клецкай і Віленскай беларускіх гімназіях, апошнюю скончыў у 1930 годзе. Вучыўся ў Пражскім універсітэце і Варшаўскім політэхнічным інстытуце, уваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый і Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве. 

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР выконваў абавязкі начальніка міліцыі ў Нясвіжы. Быў арыштаваны органамі НКУС і праз нядоўгі час выпушчаны на волю. У 1941 годзе арганізаваў Палескую беларускую самаабарону, якая супрацоўнічала з украінскай сеччу і байцы якой вялі партызанскія дзеянні супраць адступаючых савецкіх войск.

У жніўні 1941 годзе Міхал Вітушка стаў камандзір аднаго з аддзелаў Беларускай самааховы ў Заходнім Палессі, дзе Беларуская самаахова праводзіла сумесную з Палескай сеччу УПА антысавецкую аперацыю.

Міхал Вітушка ўваходзіў у Цэнтральны камітэт Беларускай незалежніцкай партыі ад якога атрымаў званне генерала. Быў кіраўніком арганізацыі “Чорны кот”. У 1944 годзе ўдзельнічаў у Другім Усебеларускім Кангрэсе. Ён з’яўляецца адным з арганізатараў планаванага антынямецкага выступу ў Менску, мэтай якога было абвяшчэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. З лета 1944 года Міхась Вітушка з’яўляўся афіцэрам дэсанцкага батальёна “Дальвіц”, маёрам Беларускай краёвай абароны.

Паводле адных звестак, Міхась Вітушка восенню 1944 года быў дэсантаваны на Віленшчыну на чале атраду парашутыстаў і 7 студзеня 1945 года яго забілі ў адным з баёў. Паводле іншых звестак, пад яго імем дэсантаваны іншы чалавек, а сам Вітушка з’явіўся ў Беларусі пазней, куды быў дэсантаваны ў ноч з 30 лістапада на 1 снежня. Паводле гэтых звестак, дзейнасць у Беларусі Міхась Вітушка пачаў у 1946 годзе, рэарганізаваўшы антысавецкі партызанскі рух Цэнтральнай і Заходняй Беларусі ў Беларускую вызваленчую армію. Кіраваў Беларускай незалежніцкай партыяй, рэдагаваў часопіс «За волю». Калі спыніў партызанскую дзейнасць, то ўзначальваў падполле.

Напачатку 1950-х гадоў Міхась Вітушка вывеў ацалелыя партызанскія атрады праз Польшчу і Латвію на Захад, а сам ён заставаўся ў Польшчы, адкуль кіраваў антысавецкім падполлем. А ў 1960-х гадах перабраўся на Захад, жыў у Заходняй Германіі.

У 1960-1980-х гадах Міхась Вітушка некалькі разоў наведваў Беларусь пад іншым прозвішчам з нямецкім пашпартам. Пісаў пасля вайны ўспаміны, якія сёння захоўваюцца ў адным з прыватных архіваў. І яны яшчэ нідзе не друкаваліся. Яго справа ў КДБ дасюль не закрытая. Паводле звестак сваякоў, Міхась Вітушка памёр 27 красавіка 2006 года.

„Міхась Вітушка”. Мастак – Алесь Пушкін. 

Беларускае Радыё Рацыя