У Беларусі праваабаронцы не маюць права ажыццяўляць кантроль у турмах
Адсутнасць грамадскага кантролю ў беларускіх турмах з’яўляецца галоўнай прычынай шматлікіх парушэнняў правоў вязняў ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы.
На фота: СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску
Кепскае медычнае абслугоўванне і харчаванне, перапоўненасць турэмных камер, адсутнасць псіхалагічнай дапамогі спрыяюць, як высокай смяротнасці сярод асуджаных, так і павялічэнню колькасці рэцыдываў – зазначае старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсініскага камітэту Гарры Паганяйла:
– Мы спецыяльна маніторылі сітуацыю ў турмах і прадастаўлялі нашаму ўраду пашыраныя глыбокія даклады па стану турэмнай сістэмы. І гэта і невыкананне міжнародных стандартаў, і невыкананне нават сваіх уласных правілаў распарадку. Але наш урад не рэагуе на нас у гэтай частцы.
Беларусь з’яўляецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе праваабаронцы і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый не маюць магчымасці ажыццяўляць кантроль ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы, якая падпарадкоўваецца Міністэрству ўнутраных справаў.
Беларускае Радыё Рацыя