Лукашэнка хоча Усходняе партнёрства ў новым фармаце



Кіраўнік Беларусі хоча, каб наладзілася эканамічнае супрацоўніцтва паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрапейскім звязам. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з еўракамісарам у пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Яханэсам Ханам.

„Лукашэнка пра гэта марыць даўно, але цяпер ўсё залежыць ад Еўропы”, – каментуе шэф-рэдактарка „Народнай волі” Святлана Калінкіна:

– Мець актыўнае эканамічнае супрацоўніцтва, каб не было ніякіх палітычных умоваў, каб не было ніякіх умоваў па правах чалавека ў Беларусі з боку Еўропы – гэта мара была заўсёды. Калі Еўропа на гэта пойдзе, то мара Лукашэнкі здзейсніцца. Калі па-ранейшаму адной з умоваў наладжвання адносінаў будуць каштоўнасці накшталт мінімальных стандартаў дэмакратыі, то мара не здзейсніцца.

Палітычны эксперт Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Фёдараў мяркуе, што магчымасць эканамічнага супрацоўніцтва паміж ЕўрАзЭС і Еўразвязам тэарэтычна існуе, але не ў дадзены момант:

– Галоўная дзеючая асоба ў Еўразійскім звязе – Расея знаходзіцца ў такіх дрэнных стасунках з Захадам так, што я баюся, што на дадзены момант пра гэта размаўляць пакуль што зарана.

Аляксандр Лукашэнка заявіў таксама, што бачыць Усходняе партнёрства перафарматаваным. У прыватнасці, беларускі кіраўнік прапануе Еўропе засяроджвацца не на палітыцы, а на эканоміцы.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя