Крама „Адметнасць” запусціла акцыю #FREEIVASHYN
У эфіры Беларускага Радыё Рацыя пабывалі Вольга Івашына – жонка Дзяніса Івашына, а таксама Сяргей Верамеенка з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
РР: Перад намі белая цішотка з выявай Дзяніса Івашына. Што гэта такое?
– Гэта наша ініцыятыва па падтрымцы родных палітвязня Дзяніса Івашына. Зрабілі вось такі прынт для цішоткі, а таксама мы зрабілі значкі. Для таго, каб падтрымаць родных, каб дапамагчы ім трэба ўсяго толькі набыць гэтую цішотку, яе кошт 60 злотых. Таксама можна набыць значак, які каштуе 5 злотых. Усе набыткі будуць ісці на падтрымку родных нашага сябра.
РР: 13 гадоў і 1 месяц прысудзілі Дзянісу Івашыну.
– Так, так яны і напісалі.
РР: Ідэя падтрымаць цябе, усе сем’і палітвязняў, яна слушная?
– Мне складана казаць, наколькі яна слушная. Адназначна падтрымка неабходная кожнай сям’і палітвязняў, не толькі нашай. Ідэя добрая.
РР: За гэтымі тэрмінамі хаваюцца праблемы канкрэтных людзей.
– Так, канешне. Ва ўсіх жа свае сітуацыі. У кагосьці дзеці, не адзін, не два і нават не тры, а пяць, як у Вольгі Залатар. Розныя патрэбы маюць сваякі, а для самых палітвязняў гэта перадачы, пасылкі. Пасля таго, як прысуд набыў юрыдычную моц, то тады ўжо раз на пэўны час. Таксама выдаткі на адвакатаў, лекі. То бок гэта жыццё, яно працягваецца нават за кратамі. Штодня яны маюць нейкія патрэбы.
Цішотку можна замовіць у краме „Адметнасць” у Тelegram або на Instagram.
Беларускае Радыё Рацыя