Гатоўка выйшла ў паўфінал турніру ў Шарм-эль-Шэйху



Беларуска Юлія Гатоўка, якая мае 279 нумар сусветнага рэйтынгу, стала ўдзельніцай паўфіналу тэніснага турніру катэгорыі ІТФ, які на гэтым тыдні праходзіць у егіпецкім Шарль-эль-Шэйху. Яна здолела ўзяць верх над бельгійкай Магалі Кемпен, якая займае ў сусветным рэйтынгу 239-ы радок, а на гэтых спаборніцтвах атрымала трэці нумар пасеву. Лік сустрэчы 6:3, 1:6, 6:2.

Кавалевіч захавае сваю пасаду на будучы сезон

Галоўны трэнер „Нёмана” Ігар Кавалевіч застанецца ў камандзе на гэтай пасадзе ў будучым сезоне.
Пра гэта паведамляе football.by. У гэтым сезоне пад кіраўніцтвам Кавалевіча гарадзенская каманда ў 29 матчах перамагла ў 9, згуляла ўнічыю ў 12 і прайграла 8 гульняў. З 39 ачкамі «Нёман» займае 9-ю пазіцыю ў турнірнай табліцы чэмпіяната Беларусі.

Салігорскі „Шахцёр” пакараны часовай забаронай на ажыццяўленне трансфераў гульцоў

У Доме футбола адбылося чарговае пасяджэнне Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях Асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. Сярод яго рашэнняў, апублікаваных на сайце федэрацыі, была часовая забарона салігорскаму „Шахцёру” на ажыццяўленне трансфераў гульцоў. Пакаранне было аформлена па артыкуле 100 Дысцыплінарнага кодэкса.

Экс-гулец БАТЭ – у складзе зборнай Сербіі на мундыяль

Зборная Сербіі вызначылася са складам на чэмпіянат свету-2022. У заяўку трапіў і экс-гулец барысаўскага БАТЭ абаронца Філіп Младэнавіч, які выступае за польскую «Легію». Супернікамі зборнай Сербіі на групавым этапе стануць каманды Бразіліі, Камеруна і Швейцарыі.
Таксама асацыяцыя футбола Аргенціны апублікавала выніковы склад нацыянальнай зборнай на чэмпіянат свету у Катары. У спіс увайшлі нападнік „ПСЖ” Ліянэль Месі, форвард „Ромы” Паўла Дзібала і паўабаронца „Ювентуса” Леандра Парэдэс. На групавым этапе турніру аргенцінцы згуляюць са зборнымі Польшчы, Саудаўскай Аравіі і Мексікі.

Беларускія самбісты заваявалі чатыры медалі ў першы дзень чэмпіянату свету

У сталіцы Кыргызстана Бішкеку стартаваў 47-ы чэмпіянат свету па самба з удзелам беларускіх атлетаў.
Самбісты з Беларусі выступаюць на турніры пад сцягам Міжнароднай федэрацыі самба. У стартавы дзень спаборніцтваў званне чэмпіёнкі свету ў катэгорыі да 54 кг заваявала беларуска Алена Купава, срэбранай медалісткай планетарнага форуму стала Анфіса Караева (у вазе да 50 кг), бронза – у актыве Яны Бяганскай (вага да 59 кг). Акрамя таго, на трэцюю прыступку п’едэстала ў баявым самба падняўся Раман Даміеў (у вазе да 98 кг). Па выніках першага дня беларуская каманда займае другое месца ў медальным заліку, больш узнагарод толькі ў расейцаў.

Беларускае Радыё Рацыя