NYT: У вайне чакаецца зімовая паўза, яна можа працягнуцца да шасці месяцаў
Чакаецца, што зіма прывядзе да запаволення ваенных поспехаў з боку як Расеі, так і Украіны, піша The New York Times.
Высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі Байдэна заяўляюць, што ваенныя аперацыі Расеі ва Украіне застануцца ў тупіку і ў наступным годзе, бо нядаўнія поспехі Украіны сарвалі надзеі Масквы захапіць больш тэрыторый у раёнах, якія Пуцін спрабаваў прадставіць як гістарычную частку Расеі.
Зімовая паўза можа працягнуцца да шасці месяцаў. Дождж і мяккая зямля ў канцы лістапада замарудзяць рух абедзвюх армій. Затым, калі тэмпература знізіцца і зямля замерзне, танкам і грузавікам будзе лягчэй перасоўвацца. Але верагоднасць моцных снегападаў і яшчэ больш халоднага надвор’я можа абцяжарыць для дрэнна абсталяванай расейскай арміі правядзенне любога новага наступу.