Беларусы змогуць даведацца памер сваіх пенсій праз мабільны дадатак
Праз новы сэрвіс можна не толькі разлічыць пенсію, але і паглядзець, ці сумленна працадаўца адлічваў вам унёскі ў ФСАН для будучых выплат на заслужаным адпачынку. У 2023 годзе фонд сацыяльнай абароны прэзентуе мабільны дадатак, у якім беларусы змогуць даведацца ўсё пра сваю будучую пенсію, расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1”.
Яна адзначыла, што прадпрыемствы маюць камфортны і празрысты доступ да лічбавых сэрвісаў ФСАН. У планах – зрабіць яго даступным і для грамадзян. Пакуль беларусы могуць атрымліваць інфармацыю аб сваім страхавым стажы і даведвацца пра добрасумленныя адлічэнні ў фонд наймальнікаў праз электронную паслугу ФСАН або праз інфармацыйнага пасярэдніка (Белпошта або Белтэлекам). Але ў наступным годзе з’явіцца яшчэ і мабільнае прыкладанне.
„Гэта для таго, каб трымаць руку на пульсе, кантраляваць свайго наймальніка. Цяпер ужо не трэба будзе абавязкова кудысьці ісці, можна паглядзець па тэлефоне праз мабільны дадатак, даведацца зноў жа пра свой стаж, пра свой заробак, з якога выплачваюцца ўзнос” , – распавяла Ірына Касцевіч.
Праўда, ёсць нюансы: падобная інфармацыя сабрана толькі з 2003 года, падрабязнага ўліку аб людзях старэй не будзе. Уся працоўная біяграфія пры налічэнні пенсій, вядома, улічваецца, але з пацвярджальнымі дакументамі.
„Наша была прапанова – аблічбаваць гісторыю працоўнай біяграфіі чалавека да 2003 года, каб максімальна, сфармаваўшы электронную пенсійную справу, забяспечыць такое своечасовае інфармаванне, каб чалавек убачыў тую праблему, дзе стаж страчаны, узносы не выплачаны. Аднавіць свае правы і тыя гарантыі, якія ты рэалізаваў да 2003 года”, – заявіла міністр.
Рэформы пенсій не будзе
На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па рэфармаванні ФСАН і не падтрымаў гэтую ідэю. Паводле яго слоў, сістэма выбудавана добра, „праверана жыццём”, ламаць яе няма неабходнасці.
Разам з гэтым стала вядома, што прэзідэнт падпісаў указ аб чарговым павышэнні пенсій – з 1 снежня.
Гэта трэцяе за год павышэнне пенсій, раней пенсіі падвышаліся з 1 сакавіка і з 1 жніўня на 7% і на 10% адпаведна. Па стане на жнівень гэтага года сярэдні памер выплат для пенсіянераў складаў 638 рублёў. Па словах міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, калі параўноўваць снежань мінулага года са снежнем цяперашняга, пенсія сярэдняга пенсіянера павялічыцца на 125 рублёў.