Агляд прэсы: заблытацца ў супярэчнасцях



Беларускія шпіталі перапоўненыя пацыентамі – расейскімі вайскоўцамі. Устойлівая будучыня Украіны – новы план Маршала. Супрацьстаянне Францыі і Італіі па пытанні бежанцаў. Цана чэмпіянату свету па футболе ў Катары. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Украінскія вайскоўцы працягваюць сачыць за сітуацыяй на тэрыторыі Беларусі і адзначаюць, што цяпер там вядзецца фармаванне расейска-беларускай групоўкі войскаў. Яны падкрэсліваюць, што сітуацыя на ўкраінскіх накірунках — Валыні і Палессі — істотна не змянілася», – піша ўкраінскае выданне Ukrainian Military Portal.

«У Генштабе паведамілі, што на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці ў Брэсцкай вобласці, дзе дыслакаваныя расейскія вайскоўцы, значна ўзрастае сацыяльная напружанасць. Мясцовыя шпіталі перапоўненыя расейскімі вайскоўцамі, якія масава хварэюць з-за нездавальняючых умоваў знаходжання ў лагерах. Медыкі вымушаныя адмовіцца ад паслуг грамадзянам Беларусі, якія маюць патрэбу ў лячэнні. У той жа час беларускія вайскоўцы засяроджваюцца на тым, каб зафіксаваць, як украінскія вайскоўцы працягваюць мініраваць памежныя тэрыторыі. Адзначана, што вядзецца мініраванне зялёных насаджэнняў. Сілы абароны Украіны будуюць умацаванні і інжынерныя загароды на мяжы з Беларуссю і Расеяй з моманту вываду варожых войскаў з тэрыторыі Украіны ўвесну 2022 году. Акрамя таго, украінскія вайскоўцы рэгулярна праводзяць трэніроўкі і адпрацоўваюць адбіццё нападу з тэрыторыі Беларусі», – адзначае ўкраінскае выданне.

«Пакуль Украіна працягвае падлічваць свае страты, Еўразвяз павінен пачаць падрыхтоўку плана, які дапаможа ёй аднавіцца і зрабіць Еўропу больш устойлівай да пагроз энергетычнай бяспекі. Расейская акупацыя па-ранейшаму прыносіць разбуральныя чалавечыя і эканамічныя страты. Паколькі смерць і разбурэнне працягваюцца, непасрэднымі прыярытэтамі з’яўляюцца ваенная дапамога, гуманітарная і макрафінансавая дапамога», – заклікае міжнароднае выданне Euractiv.

„Мы абавязаны ўкраінскаму народу ўжо пачаць падрыхтоўку плана, які дапаможа яму аднавіцца да лепшай, устойлівай еўрапейскай будучыні. Паколькі Украіна паспяхова адбіла расейскую агрэсію і атрымала статус кандыдата ў ЕЗ, будучыня Украіны і Еўропы цяпер пераасэнсоўваецца. Еўропе патрэбна смелае бачанне новага плана зялёнага Маршала для Украіны. Такі план будзе ўключаць буйныя інвестыцыі не толькі ў аднаўленне асноўнай важнай інфраструктуры, такой як дарогі, масты, школы і бальніцы, але і ў мадэрнізацыю ўкраінскай эканомікі, каб дапамагчы падрыхтаваць краіну да ўступлення ў Еўрапейскі звяз у бліжэйшыя гады. Цяпер неабходны амбіцыйны план па рэканструкцыі прамысловасці і эканомікі Украіны. Гэта патрэбна не толькі Украіне, але і самому ЕЗ перад тварам пагроз энергетычнай бяспекі і кліматычнага крызісу. «Зялёная» ўкраінская сталь будзе выкарыстоўвацца па ўсёй Еўропе для будаўніцтва ветравых турбін, сонечных электрастанцый, новай інфраструктуры і транспартных калідораў, высакахуткасных цягнікоў, грамадскага транспарту і новага ваеннага і абароннага абсталявання для бяспекі нашых межаў. Разам з багатымі запасамі жалезнай руды Украіна мае найбуйнейшы ў Еўропе патэнцыял сонечнай і ветравой энергіі. Пры правільных тэхналогіях і інвестыцыях Украіна хутка пашырыць свой сектар аднаўляльнай энергіі і стане буйным вытворцам і пастаўшчыком «зялёнай» энергіі на еўрапейскія энергетычныя рынкі», – прагназуе еўрапейскае выданне.

Пасля некаторых ваганняў Францыя дазволіла выратавальнаму судну Ocean Viking прышвартавацца ў Тулоне. Да гэтага Парыж упарта настойваў на марскім і міжнародным заканадаўстве, у адпаведнасці з якім пусціць бежанцаў на сушу павінна была Італія. Акрамя таго, Парыж адклікаў сваю згоду пра тое, што прыме 3500 бежанцаў з Італіі да наступнага лета. Але нягледзячы на ціск, Рым адмовіў судну ў магчымасці ўвайсці ў італьянскі порт. «Гэта з’яўляецца відавочным сабатажам супрацоўніцтва, якое ў свой час Марыё Драгі наладзіў з Еўразвязам», – абураецца італьянская газета La Stampa.

«Парыж абвінавачвае нас, Берлін далучаецца да нападак, а Еўразвяз нас ізалюе. Аднаго тыдня хапіла на тое, каб разнесці ў пух і прах цудоўныя праеўрапейскія планы правага ўрада. Гэта катастрофа, годная кнігі рэкордаў Гінэса: яна завяршае сабой мірную эру, увасабленнем якой быў Марыё Драгі, і адкрывае новую эпоху – узвядзенне сцяны. Вельмі нялёгка зразумець, у чым заключаюцца перавагі патрыятызму, калі мы знаходзімся пад прымусам і залежым ад атрымання дапамогі з Бруселя. На нас абвальваюцца інфляцыя, вайна, пандэмія. Якія крытэрыі прымушаюць нас прымаць рашэнне на карысць бессэнсоўнага супрацьстаяння, задуманага парай чалавек, гатовых сапсаваць адносіны з Макронам і раззлаваць Уршулю фон дэр Ляйен?», – задае нязручнае пытанне італьянскае выданне.

За тыдзень да пачатку чэмпіянату свету па футболе працягваюцца дэбаты аб тым, як паводзіць сябе з краінай-арганізатарам – Катарам. Пасол Катара на чэмпіянаце свету назваў гомасэксуальнасць «псіхічным дэфектам». Тым часам прэзідэнт ФІФА Інфантына звярнуўся да футбольных асацыяцый з лістом, у якім заклікаў усіх засяродзіцца галоўным чынам на футболе. На сваіх старонках гішпанскай газета El País патрабуе справядлівасці.

«Мільёны сезонных працоўных-мігрантаў ужо заплацілі высокую цану. І перш за ўсё – Тул Бахадур Гарці, 34-гадовы грамадзянін Непала, які памёр у сне ў лістападзе 2020 года пасля таго, як адпрацаваў на будоўлі больш за 10 гадзін пры тэмпературы каля 39 градусаў Цэльсія. Усё, што мы патрабуем на дадзеным этапе, гэта цвёрдае абавязацельства ФІФА забяспечыць атрыманне працоўнымі кампенсацыі. Калі жаданне Джані Інфантына сапраўды заключаецца ў тым, каб падчас чэмпіянату свету ўсе засяродзіліся на футболе, то ён павінен пачаць з таго, каб людзі, якія зрабілі гэтую падзею магчымай, дабіліся справядлівасці і атрымалі заслужаную кампенсацыю. Час пайшоў!», – падкрэслівае гішпанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя