Менскае „Дынама” перапыніла пераможную серыю ў КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” з паразы пачалі кароткую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі.
Падначаленыя Крэйга Вудкрафта ў Маскве прайгралі дзейным чэмпіёнам КХЛ з ЦСКА з лікам 5:8. У складзе «зуброў» дубль на рахунку Раяна Спунэра, яшчэ па шайбе закінулі Нік Мёрклі, Дзмітрый Сакалоў і Вадзім Мароз. Дынамаўцы спынілі пераможную серыю з чатырох матчаў і з 32 баламі застаюцца на 6-м месцы Заходняй канферэнцыі КХЛ, якую яны дзеляць з „Віцязем”. Другі і заключны матч выезду мінчане правядуць заўтра ў гасцях у лідара лігі – санкт-пецярбургскага СКА.
Гандбалісты „Машэкі” прайгралі ЦСКА ў SEHA-лізе
Гандбалісты „Машэкі” пацярпелі трэцяю паразу ў дывізіёне „Усход” SEHA-лігі. У хатнім паядынку 3-га тура папярэдняй групы B магіляўчане саступілі маскоўскаму ЦСКА з лікам 24:30. У гэтым жа квартэце чэмпіён Беларусі „Мяшкоў Брэст” здабыў трэцюю перамогу, адолеўшы на сваёй арэне гандбалістаў „Зеніта” з Санкт-Пецярбурга з мінімальнай перавагай – 28:27. Таксма менскі СКА ў гасцях перамог „Пермскіх мядзведзяў” 30:26
ВРЗ перайграў „Барысаў-900” у чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Гомельскі ВРЗ дагнаў „Сталіцу” ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе.
У заключным матчы 7-га тура гамяльчане ўпэўнена перайгралі на сваёй пляцоўцы „Барысаў-900” з сухім лікам 7:0. ВРЗ набраў 11 ачкоў і дагнаў дзейных чэмпіёнаў краіны спартоўцаў „Сталіцы”, якія згулялі ўнічыю з „Мінскам” – 3:3. У лідэры выйшаў аршанскі „Вітэн”, які перамог менскі „Дарожнік” 5:2. Гарадзенскі клуб „УУС-Дынама” абыграў на сваёй арэне светлагорскі ЦКК – 6:4.
Мілік забіў за „Ювентус”
„Ювентус” „усухую” абыграў рымскі „Лацыё” ў матчы 15-га тура чэмпіянату Італіі па футболе з лікам 3:0 – дублем адзначыўся Мойзэ Кін, трэці гол на 89-й хвіліне забіў польскі нападнік Аркадыюш Мілік.
„Юве” з 31 ачком ідзе трэцім у табліцы. У іншых матчах тура „Мілан” абыграў „Фіярэнціну” 2:1
і з 33 ачкамі ідзе другім у табліцы.
„Інтэр” ва ўпартай барацьбе на выездзе адолеў „Аталанту” 3:2 і з 30 ачкамі ідзе чацвёртым.
„Манчэстэр Юнайтэд” на выездзе перамог „Фулхэм” у матчы 16-га тура чэмпіянату Англіі — 2:1. Гарначы забіў пераможны гол на 3-й даданай хвіліне сустрэчы. „МЮ” з 26 ачкамі ідзе пятым у табліцы.
Беларусы заваявалі восем медалёў на чэмпіянаце свету па самба
У сталіцы Кыргызстана Бішкеку завяршыўся 47-ы чэмпіянат свету па самба з удзелам беларускіх атлетаў.
У заключны дзень спаборніцтваў скарбонка беларускай зборнай, якая выступае пад сцягам Міжнароднай федэрацыі самба, папоўнілася дзвюма ўзнагародамі. Срэбраныя медалі турніру выйгралі Святлана Цімашэнка (у вазе да 80 кг) і Яўген Алексіевіч (у раздзеле баявое самба да 88 кг). Адзінай чэмпіёнкай свету ў складзе беларускай каманды раней стала Алена Купава (у вазе да 54 кг). У медальным заліку зборная Беларусі заняла трэцяе месца.
Расэл стаў пераможцам „Гран-пры Сан-Паўлу”
Джордж Расэл з каманды „Мэрсэдэс” выйграў „Гран-пры Сан-Паўлу” у рамках „Формулы-1”. Другое месца заняў яго партнёр па камандзе Льюіс Хэмілтан. Карлас Сайнс з „Ферары” стаў трэцім.
Заключны этап „Формулы-1” бягучага сезона „Гран-пры Абу-Дабі” адбудзецца ў наступны ўікэнд.
Беларускае Радыё Рацыя