Агляд прэсы: канца не прадбачыцца



Ці можа Пуцін уварвацца ва Украіну з Беларусі? Як будзе развівацца сітуацыя пасля адводу войскаў РФ з Херсону? Сустрэча Байдэна і Сі перад самітам Вялікай дваццаткі. Выбух у цэнтры Стамбула. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Расейскія вайскоўцы адступаюць па ўсёй Украіне. На поўдні ўкраінскія войскі вызвалілі горад Херсон пасля адыходу расейскага гарнізона без бою. На ўсходзе ўкраінскія вайскоўцы стабільна прасоўваюцца пасля нечаканага, але надзвычай паспяховага контрнаступлення. Адзінае месца, дзе расейскія войскі працягваюць наступ, гэта Данбас у напрамку Бахмута. Аднак іх атакі з’яўляюцца марнаваннем войскаў і матэрыяльных сродкаў, паколькі расейскія камандзіры бязмэтава кідаюць сілы ў прамыя штурмы ўкраінскіх умацаваных пазіцый», – перадае міжнароднае выданне 19FortyFive.

„У напрамку поўначы ля Беларусі фронт застаецца ціхім ужо некалькі месяцаў, і, нягледзячы на некаторую нядаўнюю актыўнасць, ён, верагодна, застанецца ціхім. І хаця паўночнарасейская групоўка сіл выкарыстоўвала Беларусь як плацдарм для націску на Кіеў, самі беларускія вайскоўцы непасрэдна не ўдзельнічалі ва ўварванні, але яны тым нападам спрыялі. Новая расейска-беларуская групоўка войскаў і размяшчэнне ў Беларусі балістычных ракетах AS-24 Killjoy, хутчэй за ўсё, з’яўляецца спробай адцягнуць увагу ўкраінскіх вайскоўцаў і падштурхнуць іх вылучыць сілы для абароны Кіева, чым рэальнай пагрозай”, – піша міжнароднае ваеннае выданне.

Восем месяцаў таму расейскія войскі акупавалі горад Херсон. Ён стаў адзіным абласным цэнтрам, які апынуўся пад кантролем расейскіх вайскоўцаў. Аднак цяпер расейскім войскам прыйшлося пакінуць горад. Адвод войскаў праходзіў праз раку Дняпро. У нядзелю ў горад увайшлі ВСУ. Цяпер чакаюць працы па размініраванні і наладжванні вода- і электразабеспячэння. Еўрапейская прэса піша аб тым, як вызваленне Херсона паўплывае на далейшую хаду вайны. «Вызваленне Херсона не азначае вызвалення ўсёй Украіны», – адзначае чэшскі партал Echo24 і заклікае не ўпадаць у залішнюю эйфарыю.

«Украіна не адмаўляецца ад мэты вызваліць усю сваю тэрыторыю. Нягледзячы на поспехі, гэта не тая мэта, якую можна дасягнуць раптоўна. Шлях да выгнання Расеі – доўгі і крывавы. Херсон – важная перамога, але агульнай стратэгіі гэта не змяняе. Аднак мы ўбачылі, што выгнанне Расеі з Украіны – не проста вар’яцкая мара, а рэальная магчымасць. Каб яе ажыццявіць, Украіна не павінна страціць дапамогу Захада», – заклікае чэшскае выданне.

Напярэдадні саміту Вялікай дваццаткі на Балі ўсе погляды прыкаваны да запланаванай на панядзелак асабістай сустрэчы лідэраў ЗША і Кітая – Джо Байдэна і Сі Цзіньпіна. Гандлёвая вайна, абвінавачанні ў шпіянажы, парушэнні правоў чалавека, пытанне аб Тайвані – адносіны паміж дзвюма краінамі ўжо з даўніх часоў азмрочаныя цэлым шэрагам фактараў. «Саміт прымушае ўзгадаць эпоху халоднай вайны», – адзначае швейцарская газета Le Temps.

«Джо Байдэн і Сі Цзіньпін абодва спрабуюць прыцягнуць на свой бок іншыя краіны. Дзякуючы эканамічнай дынаміцы ў Кітая ў гэтым плане за апошнія гады з’явілася немалая перавага. Прэзідэнцтва Трампа і яго ізаляцыянісцкі курс аслабілі пазіцыі ЗША. Але меркаванне Пекіна, паводле якога Кітай падчас росту паступова адцясняе плячом саслабелыя Злучаныя Штаты, у выніку занепакоіла немалую колькасць суседзяў Паднябеснай. Вывад войскаў з Афганістана даў Джо Байдэну магчымасць зноў сканцэнтравацца на выбудоўванні саюзаў ва Усходняй Азіі. Так, Балі – гэта, магчыма, не Ялта, але сустрэчу можна лічыць часткай барацьбы за ўплыў, якая вельмі нагадвае халодную вайну», – адзначае швейцарскае выданне.

У выніку выбуху бомбы на гандлёвай вуліцы Стамбула шэсць чалавек загінулі і 81 атрымалі раненні. Турэцкі ўрад ускладае віну за тэракт на мілітарысцкую курдскую арганізацыю Рабочая партыя Курдыстана, і ўжо былі зроблены шматлікія арышты. СМІ разважаюць аб тым, якім чынам Турцыі трэба змагацца супраць новых тэрарыстычных актаў. Італьянская газета La Repubblica мяркуе, што злачынцаў трэба шукаць у шэрагах Рабочай партыі Курдыстана.

«Ісламская дзяржава звычайна адразу ж бярэ на сябе адказнасць за тэракты. Але на гэты раз гэтага не адбылося. Акрамя таго, гэтая экстрэмісцкая групоўка ў 99 працэнтах выпадкаў выкарыстоўвае для сваіх мэт мужчын. РПК – яшчэ адзін сур’ёзны падазраваны. На працягу апошніх дзевяці месяцаў уся нашая ўвага была прыкаваная да расейскага ўварвання ва Украіну, але гэта, вядома ж, не азначае, што ў іншых неспакойных раёнах свету спыніліся гвалт і забойствы. У кастрычніку курды абвінавацілі турэцкае войска ва ўжыванні хімічнай зброі супраць лагера курдскай групоўкі на поўначы Ірака падчас аднаго з рэйдаў, якія Турцыя часта праводзіць супраць баевікоў РПК у суседніх краінах», – падкрэслівае італьянскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя