Беларусь і ЗША ўзаемна знізілі кошт візаў для грамадзянаў



Паводле супольнай дамоўленасці, віза для грамадзян ЗША ў Беларусь будзе каштаваць 160 даляраў, столькі ж будзе каштаваць і амерыканская віза для грамадзян Беларусі.

Гэта можа быць чарговы невялікі крок па разблакіроўцы дыпламатычнай сцяны, якая паўстала між Беларуссю і ЗША у 2008 годзе, кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

– Я думаю, што гэта жэст у адказ з боку амерыканцаў, бо нядаўна Менск ім дазволіў на адну адзінку пашырыць штат амбасады – гэта яшчэ пасля той дыпламатычнай вайны 2008 года, калі павычышчалі тут амаль усіх дыпламатаў. Цяпер магчыма ідзе рэалізацыя такога паэтапнага, пакрокавага плана, каб пакрысе выйсці з гэтага тупіка і паступова аднавіць паўнавартасную працу абедзвюх дыпламатычных місій.

У сакавіку 2008 года Менск у аднабаковым парадку абвесціў амбасадара ЗША Карэн Сцюарт персонай нон-грата і запатрабавала ад ЗША скараціць колькасць супрацоўнікаў амбасады да 5 асобаў. Падобным чынам паступіла ЗША і ў адносінах да беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Вашынгтоне.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя