Раман Кісляк: Дыяспара дапамагае шукаць людзей
У беларускай дыяспары ў грузінскім Батумі з’явілася новая задача – дапамога ў пошуку зніклых беларусаў, якія губляюцца на моры ці ў гарах.
Пра такія выпадкі распавядае кіраўнік арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі», праваабаронца Раман Кісляк:
– Самае вострае, што стаіць, гэта калі людзі губляюцца, знікаюць, гінуць. Вось гэта беларусы. На жаль, такое ёсць, калі людзі ідуць на пляж, купаюцца і знікаюць. Я, канешне, не ведаю ўсіх выпадкаў, хутчэй за ўсё, што самі, можна сказаць, няшчасныя выпадкі. Я не бачу пакуль тут фактаў, што гэта менавіта крымінал.
Раман Кісляк кажа, што беларусы шукаюць людзей нават праз родных, якія знаходзяцца ў Беларусі і гэтыя родныя звяртаюцца ў дыяспару:
– Родныя, сябры, там дзяўчаты, жонкі, мужыкі падымаюць гэтыя пытанні і шукаюць, і людзі самі самаарганізуюцца ў пошуках чалавека ці цела. Бываюць выпадкі, калі падымаюць пытанні тыя родныя ці сябры, якія не знаходзяцца тут, у Батумі. То бок яны пішуць і выходзяць на нас, дыяспару беларусаў Аджарыі, і пытаюцца. І тады ўжо мы падымаем паліцыю ў экстраных выпадках. Канешне, яны з іншай краіны або Беларусі не могуць арганізаваць пошук.
Па словах Рамана Кісляка, у грузінскай Аджарыі знаходзіцца вялікая колькасць беларусаў, па неафіцыйных дадзеных каля 20 тысяч. У асноўным гэта людзі, якія пакінулі Беларусь пасля рэпрэсіяў 2020-22 гадоў, а таксама прадстаўнікі ІТ-сферы, якія працуюць у кампаніях, што рэлацыраваліся з Беларусі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя