Леў Марголін: Вайна ва Украіне абыходзіцца Беларусі ў капейку



Што страчвае і знаходзіць для сваёй эканомікі беларуская ўлада падчас вайны, якая працягваецца ва Украіне? Пра гэта разважае эканаміст Леў Марголін.

РР: У сувязі з украінскімі падзеямі, ці будзе Крэмль надалей фінансаваць беларускую ўладу?

Леў Марголін: На мой погляд, фінансаванне працягнецца, бо іншага шляху ў яго няма – губляць апошняга саюзніка-суседа ніяк не выходзіць. А вось ці будзе ўзмацняцца дапамога? Гэтае пытанне пакуль застаецца адкрытым. І я думаю, што наўрад ці, бо ў бліжэйшы час у Расеі ў самой могуць узнікнуць праблемы з фінансамі. Калі працягнецца адток капітала з Расеі, то вельмі складана будзе фінансаваць нават уласныя праграмы. Напрыклад, праграму па Крыму ці іншыя інвестыцыйныя праекты, якія закладзены ў бюджэт Расейскай Федэрацыі. Таму не думаю, што дапамога Беларусі ўзмацніцца. Больш за тое – умовы прадастаўлення гэтай дапамогі будуць усё больш ускладняцца. Стануць патрабаваць больш дэталёвай распрацоўкі праектаў пад пэўныя крэдыты. Такі вазок цяжка ўжо цягнуць нават для Расеі – часы наступілі больш складаныя. Проста так даваць грошы, ведаючы, што іх праядуць, а затым ізноў прыйдуць з працягнутай рукой, не будуць.

РР: А прыходзіць, напэўна, збіраюцца штогод?

Леў Марголін: Куды ж ад гэтага падзецца? У Беларусі толькі два выйсце – альбо рашучыя рэформы з перспектывай змены ўлады, альбо працягнутая рука ў бок Расеі ці яшчэ куды-небудзь.

РР: У такім выпадку ці можна сказаць, што ўкраінская сітуацыя ў нейкім сэнсе на руку беларускай эканоміцы?

Леў Марголін: Яна была б на руку, каб паміж Расеяй і Украінай была “халодная вайна”, а не тое, што адбываецца сёння. Вайна абыходзіцца ў капейку не толькі Расеі і Украіне, але і Беларусі.

РР: Україна была адным з галоўным партнёраў Беларусі ў гандлёвым абароце, аднак сёння беларускія ўлады абмяжоўваюць некаторыя ўкраінскія тавары.

Леў Марголін: Я лічу памылкай, што Беларусь так абыйшлася з украінскімі півам і кандытаркай. Думаю, што ў бліжэйшы час па гэтым пытанні пройдуць перамовы і выйсце знойдуць. Бо беларускі бок губляе больш, чым Україна.

РР: Магчыма, Крэмль папрасіў увесці гэтыя абмежаванні?

Леў Марголін: Не выключаю, што ў гэтай сітуацыі сыйшліся два інтарэсы. Па-першае, беларускія ўлады даўно былі занепакоены ўкраінскім півам і кандытаркай, якія ўсё больш моцна складалі канкурэнцыю мясцовай прадукцыі (пяць гадоў таму пра ўкраінскія тарты і канфеты амаль не ведалі ў Беларусі, а зараз “Рашэн” – гэта трэгд). Але быў і ціск з боку Расеі, якая, напэўна, патрабавала, каб Беларусь прымала нейкія санкцыі супраць Украіны.

РР: Калі лічыць крэдыты ад Расеі і згубленыя грошы ад гандлю з Украінай, ці ў плюсе наогул застаецца Беларусь?

Леў Марголін: У мінусе. На Украіне Беларусь губляе, а ў Расеі нічога асабліва смачнага не знаходзіць. Нават крэдыты ўжо даюць са скрыпам і плаціць за іх трэба ўсё больш. Пабачым, што стане з праектам аб’яднання МАЗа і КАМАЗа, іншымі інтэграцыйнымі планамі.

РР: Што ўзамен запатрабуе Расея за фінансавую дапамогу?

Леў Марголін: Рэформы будуць патрабаваць, бо тое, што зараз у беларускай эканоміцы – шлях у нікуды. Акрамя таго, запатрабуюць палітычнай і ваеннай лаяльнасці (размяшчэння расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі) і, натуральна, расейскі бізнес не пакідае сваіх намераў завалодаць некаторымі беларускімі прадпрыемствамі. Самае галоўнае, што беларускаму боку і адказваць няма чым. Калі раней можна было павярнуцца да Захаду ці спадзявацца на Кітай, то зараз Крэмль так прывязаў да сябе беларускі рэжым, што з гэтых абдымкаў ужо не вырвацца. Прыйдзецца патрохі раздаваць суверэнітэт – і палітычны, і эканамічны. Узамен будуць грошы, якія не даюць вельмі развярнуцца, але пакідаюць шанц на выжыванне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя