Прадказальны мундыяль?

20 лістапада матчам Катар-Эквадор стартуе фінальная частка чэмпіянату свету па футболе. Сімвалічна, што 22-і турнір у гісторыі адбываецца ў 2022 годзе. Формула турніру традыцыйная. У рамках групавой стадыі пройдзе 48 матчаў у васьмі групах, па іх выніках 16 мацнейшых дружын выйдуць у 1/8-ю фіналу. Плэй-оф стартуе 3 снежня. Фінальны матч пройдзе ў Лусаілі 18 снежня. Прапануем вашай увазе кароткі аналіз квартэтаў і шанцаў футбольных зборных на гэтым мундыялі
Група A: Катар, Эквадор, Сенегал, Нідэрлянды.
«Экстравагантная» група.
Сенегал – наймацнейшая на сёння афрыканская зборная. Практычна ўсе гульцы сенегальцаў выступаюць у еўрапейскіх топ-чэмпіянатах, а Садзьё Манэ – зорка планетарнай велічыні. Бяда толькі ў тым, што ён траўмаваўся перад самым чэмпіянатам і зусім не выйдзе на поле. Катар ніколі ў фінальных стадыях не гуляў, не прабіўся б ён і зараз, каб не гаспадарскі статус. Нават бальшыня спецыялістаў не ведае рэальнай сілы гэтай азіяцкай дружыны, у якой сабраныя футбалісты, якія нарадзіліся ў розных краінах. Аднак перамога на Кубку Азіі 2019 года, дзе катарцы адолелі і паўднёвых карэйцаў і японцаў, гаворыць сама па сабе. Эквадор – устойлівы серадняк паўднёваамерыканскага, а значыць і сусветнага футболу, а склад іх досыць малады. Нідэрляндцы «згаладаліся» па значных дасягненнях – апошнім была бронза мундыялю 2010 года – тады якраз да фіналу «аранье» прывёў Луі ван Гал, які і цяпер на трэнерскім мосціку. З асобаў выклікае цікавасць 39-гадовы брамнік Рэмка Пасвер з «Аяксу», які сенсацыйна ў такім узросце зусім нядаўна прабіўся ў склад зборнай.
20 лістапада. Катар — Эквадор.
21 лістапада. Сенегал — Нідэрлянды.
25 лістапада. Катар — Сенегал. Нідэрлянды — Эквадор.
29 лістапада. Эквадор — Сенегал. Нідэрлянды — Катар.
Група B: Англія, Іран, ЗША, Уэльс.
«Англа-саксонская» група.
Тры дружыны брытанскага стылю – відавочная іронія лёсавання. Група выглядае на тэрмаядэрную з гледзішча прысутнасці ў ёй іранскіх «фундаменталістаў». Улічваючы напружаную палітычную сітуацыю ў самым Іране, невядома ў якім псіхалагічным стане зараз гульцы гэтай каманды. Дадам толькі, што нашчадкі персаў ніколі не выходзілі ў плэй-оф. Англіі даўно прарочаць чэмпіёнства на топ-турнірах, але пасля далёкага 1966 года каманда «трох ільвоў» так ні разу не дасягнула залатой кароны. Падаецца, што ангельцам бракуе крэатыўных выканаўцаў у паўабароне. Ёсць канешне малады талент Мэйсан Маўнт, але гэтага малавата. Магчыма раскрыецца ў гэтым плане юнак Джуд Белінгем. Валійцы з 1958 года не прабіваліся ў фінальную частку і таму пастараюцца скарыстацца новым ўнікальным шанцам праслізнуць у 16 мацнейшых. Не забываем, што дружына ЗША на вельмі высокім 16-ым месцы ў рэйтынгу ФІФА. Амаль дзясятак амерыканскіх гульцоў, у тым ліку лідар атакі Крысціян Пулішыч з «Чэлсі» выступаюць у ангельскай прэм’іер лізе, так што ведаюць супернікаў як аблупленых.
21 лістапада. Англія — Іран. ЗША — Уэльс.
25 лістапада. Уэльс — Іран. Англія — ЗША.
29 лістапада. Уэльс — Англія. Іран — ЗША.
Група C: Аргенціна, Савудаўская Арабія, Мексіка, Польшча.
«Група незнаёмцаў».
Польшча зноў патрапіла ў кампанію, дзе няма другой еўрапейскай дружыны, а звычайна «бялэ-чэрвоным» цяжка даюцца сустрэчы з прадстаўнікамі іншых кантынентаў – на памяці апошні чэмпіянат у Расеі. Мексіка – адна з самых загадкавых зборных турніру, яе сілу цяжка спрагназаваць. Але характэрна, што нашчадкі ацтэкаў 7 сваіх турніраў запар (!) выходзяць у плэй-оф. Польшчы давядзецца ламаць гэтую традыцыю і першы матч якраз можа стацца вызначальным. Арабы чатыры гады таму выглядалі аўтсайдарамі і наўрад ці ўзмацніліся за мінулы час, але ім забяспечана падтрымка родных фанатаў (пасля сур’ёзнай палітычнай сваркі Савудаўская Арабія наладзіла адносіны з Катарам і мяжа зноў адкрылася). Аргенціна прайшла адборавы турнір без адзінай паразы, яе традыцыйная сіла не падлягае сумневу. «Альбіселестэ» не прайграюць ужо 36 (!) паядынкаў запар – гэтая лічба надзвычай яскравая. Усе таксама чакаюць «лебядзінай песні» Ліанэля Месі і Анхеля дзі Марыі. Ажно 6 гульцоў асновы Аргенціны выступаюць у апенінскай серыі «А», так што ў Італіі, дружына якой нечакана не выйшла ў фінальную частку, будуць зацята заўзець менавіта за аргенцінцаў.
22 лістапада. Аргенціна — Савудаўская Арабія. Мексіка — Польшча.
26 лістапада. Польшча — Савудаўская Арабія. Аргенціна — Мексіка.
30 лістапада. Польшча — Аргенціна. Савудаўская Арабія — Мексіка.
Група D: Францыя, Аўстралія, Данія, Туніс.
«Еўрапейская» група.
Яшчэ адна іронія лёсу – чатыры гады таму гэтая кампанія была амаль ідэнтычная, цяпер толькі Туніс замяніў Перу. У гэтым квартэце два відавочныя фаварыты – Данія і Францыя. Што цікава, абодва зараз выступаюць у адной кампаніі ў Лізе нацый і двойчы скандынавы ўзялі верх. Данія на апошнім Еўра і надалей выглядае камандай, якая цэлы час «расце», гэта зараз адна з цікавейшых дружын у свеце. Галоўны козыр «дацкіх прынцаў» – іх трэнер Каспер Юльман, які стварыў вельмі сбалансаваную каманду з шырокай лавай паўнацэнных рэзервістаў. Тытулаваная Францыя падаецца цяпер крыху разладжанай, тым больш страціла двух ключавых гульцоў цэнтру поля – Поля Пагба і Нгало Кантэ (ён асабліва балючая страта). У апошні момант траўмаваўся і свежаспечаны уладальнік «Залатога мяча» Карым Бензема, але яго якраз ёсць кім замяніць – недаацэнены дагэтуль супербамбардзір Аліўе Жыру ў поўным парадку. Мяркую, што з Францыяй не здарыцца канфуз 2002 году, калі «трохкаляровыя» не выйшлі ў другі этап фінальнага турніру. Значная частка футбалістаў Тунісу і Аўстраліі выступаюць зараз у еўрапейскіх клубах. Прычым ажно чатыры тунісцы ў чэмпіянаце Францыі. Шанцы аўстралійцаў выйсці з групы мінімальныя, прадстаўнікам «Зялёнага кантыненту» толькі раз (у 2006 годзе) удавалася такое, ды і склад іх зараз слабейшы, чым на мінулых чэмпіянатах.
22 лістапада. Данія – Туніс. Францыя – Аўстралія.
26 лістапада. Туніс – Аўстралія. Францыя – Данія.
30 лістапада. Аўстралія – Данія. Туніс – Францыя.
Група E: Іспанія, Коста-Рыка, Германія, Японія.
«Імперская група».
Умоўную назву групе даем таму, што ажно тры зборныя прадстаўляюць краіны, якія некалі былі імперыямі. Шанцы кастарыканцаў, якія досыць часта выступаюць на мундыялях, падаюцца нібыта невысокімі. Але Коста-Рыка раней была здольная на сенсацыі. Немцы перапоўнены рэваншызмам за няўдачу чатырохгадовай даўніны – гэта будзе ужо 20-ы ўдзел Германіі ў чэмпіянатах свету і 18-ы запар. У Расеі германцы пацярпелі фіяска ад карэйцаў і занялі апошняе месца ў групе, зараз на іх дарозе будуць японцы. Іспанія расла ажно да фінальнай часткі апошняга Еўра, але зараз выглядае праблематычна. У пірынейцаў няма зараз плэймейкераў кшталту Ін’есты ці Хаві, але хапае маладых амбітных выканаўцаў – на ролю прэм’ераў у цэнтры прэтэндуюць юныя Габі і Педры. Пераважная бальшыня гульцоў «фурыі рохі» традыцыйна выступае ў родным чэмпіянаце, хутчэй усяго гэты фактар пойдзе ў плюс. З іншага боку бянтэжыць той факт, што іспанскія клубы сёлета горш выступалі ў еўракубках, чым звычайна. З японцамі нікому не будзе проста, за апошнія чэмпіянаты «самураі» прывучылі ўсіх, што з імі трэба лічыцца сур’ёзна.
23 лістапада. Германія – Японія. Іспанія – Коста-Рыка.
27 лістапада. Японія – Коста-Рыка. Іспанія – Германія.
1 снежня. Коста-Рыка-Германія. Японія – Іспанія.
Група F: Бельгія, Канада, Марока, Харватыя.
«Прадказальная чырвоная» група.
Вельмі цікава, што ў гульнёвай форме ўсіх чатырох нацыяналак ёсць чырвоны колер. Падаецца, што якраз тут не павінна здарыцца гучных сенсацый і еўрапейскія дружыны беспраблемна забяспечаць сабе першыя два месцы. Поліэтнічная Бельгія і нацыянальная Харватыя – безумоўныя фаварыты квартэту. Харваты на сёння – віцэ-чэмпіёны свету і пераможцы моцнай групы ў Лізе нацый, але новых яркіх талентаў за чатыры гады ў іх не з’явілася. Найбольш пераканаўчая лінія ў «шахматавых» – абарона. Бельгійцы – бронзавыя медалісты апошняга першынства. Многія лічаць іх фаварытамі, але паўтарыць той поспех будзе зараз цяжэй. На баку бельгійцаў проста каласальны досвед – ажно у 8 гульцоў пад сто і больш матчаў за нацыянальную дружыну! Зборную Канады мы бачылі на сусветным футбольным форуме толькі раз – у далёкім 1986 годзе. Амаль ніхто не чакае ад «клёнавых лістоў» нейкіх сенсацый, але варта звярнуць увагу на той факт, што ў адборы Канада апярэдзіла ў Паўночнай Амерыцы ўсіх. Каманда Марока ніколі не хапала зорак з неба, але выпадкова на мундыяль праз сіта адбору не праходзіць ніхто.
23 лістапада. Марока — Харватыя. Бельгія — Канада.
27 лістапада. Бельгія — Марока. Харватыя — Канада.
1 снежня. Харватыя — Бельгія. Канада — Марока.
Група G: Бразілія, Сербія, Швайцарыя, Камерун.
Група «старых знаёмцаў».
Каманды ўжо перасякаліся на чэмпіянатах свету паміж сабой. Чатыры гады таму Сербія стала «трэцяй лішняй», а далей пайшлі бразільцы і гельветы. Бразілія – адзіная ў свеце, што не прапусціла аніводнага планетарнага форуму – чарговы ўдзел ужо 22-і (!). Падаецца, што пентакампеоны – галоўны прэтэндэнт на тытул, адборавы турнір бразільцы прайшлі, як кажуць, на адным дыханні, а чараўнікоў мяча у гэтай дружыне ніколі не бракавала. Каманда Камеруна перажывае не лепшы перыяд у сваёй гісторыі і другая пуцёўка ў плэй-оф верагодней дастанецца камусці з еўрапейцаў. За сербаў будуць заўзець у Расеі, кінуты нават адпаведны палітычны заклік.
24 лістапада. Швайцарыя – Камерун. Бразілія – Сербія.
28 лістапада. Камерун – Сербія. Бразілія – Швайцарыя.
2 снежня. Сербія – Швайцарыя. Камерун – Бразілія.
Група H: Партугалія, Гана, Уругвай, Паўднёвая Карэя.
«Стракатая група».
У гэтай кампаніі, як і ў квартэце А, падабраліся дружыны зусім розных стыляў. Гульня пірынейцаў будзе залежаць ад фактару Крышціяну Раналду – ці ён застанецца звыклым лідарам зборнай, якога ўсе прывыклі бачыць, ці наадварот тормазам. У партугальцаў зараз вырасла новая таленавітая генерацыя (нападнік Рафаэль Леао стаў лідарам «Мілана», шэраг гульцоў блішчуць у Англіі), але пытанне – ці прыйшоў ужо час ёй раскрыцца на топ-турніры? Істотны мінус – выбыў з-за траўмы крэатыўны ліверпулец Дыега Жота. Карэйцы паказалі сваю сілу ўжо на папярэднім першынстве, якраз добра яны выступаюць на турнірах, што праходзяць у азіяцкіх краінах. Лідар і капітан дружыны – Сон Хын Мын – адзін з мацнейшых гросмайстараў ангельскай прэм’ер-лігі – на яго рахунку ўжо 104 матчы за нацыянальную зборную і 35 галоў. Уругвай знаходзіцца на стадыі змены пакаленняў, у адборавым турніры свайго кантыненту каманда, хоць і заняла 3-е месца выглядала непераканаўча, мела відавочныя праблемы ў абароне. Гана цяпер не такая моцная як некалі.
24 лістапада. Уругвай – Паўднёвая Карэя. Партугалія – Гана.
28 лістапада. Паўднёвая Карэя – Гана. Партугалія – Уругвай.
2 снежня. Паўднёвая Карэя – Партугалія. Гана – Уругвай.
Чэмпіянату ў Катары папярэднічалі як ніколі шматлікія скандалы. Таму ёсць прадчуванне, што нас чакае цэлы шэраг неардынарных каляфутбольных падзей. Але што датычыць менавіта спартовых вынікаў – то якраз гэты мундыяль можа стаць адным з самых прадказальных. Ён будзе і настальгічным – найверагодней, што гэта апошні выступ на чэмпіянатах свету яркіх футбольных асобаў 21-га стагоддзя – Ліанэля Месі, Крышціяну Раналду, Роберта Левандоўскага, Лукі Модрыча, Аліўе Жыру, Рамела Лукаку, Гарэта Бэйла, Крысціяна Эрыксена, Томаса Мюллера, Мануэля Нойера, Луіса Суарэса, Эдзінсана Кавані ды многіх іншых.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя
