МАГАТЭ зафіксавала выбухі ў раёне Запарожскай АЭС



Магутныя выбухі прагрымелі ў раёне Запарожскай атамнай электрастанцыі ўвечары 19 лістапада і раніцай наступнага дня.

Эксперты МАГАТЭ, якія назіраюць за станам станцыі, паведамілі ў штаб-кватэру агенцтва, што чулі выбухі і бачылі іх са сваіх вокнаў. Яны кажуць, што цягам кароткага прамежку часу раніцай 20 лістапада адбылося больш за дзесяць выбухаў. Спасылаючыся на інфармацыю ад кіраўніцтва станцыі, група МАГАТЭ заяўляе, што на пляцоўцы АЭС былі пашкоджаныя некаторыя будынкі, сістэмы і абсталяванне, але пакуль не здарылася нічога крытычнага для ядзернай бяспекі. Паведамленняў пра пацярпелых не паступала. Эксперты МАГАТЭ застаюцца ў цесным кантакце з кіраўніцтвам пляцоўкі і будуць працягваць ацэньваць сітуацыю і паведамляць пра яе.

Гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі адзначыў што гэта рэзка перапыніла перыяд адноснага спакою на аб’екце і яшчэ раз падкрэсліла неабходнасць прыняцця мер па прадухіленні ядзернай аварыі”.

Гросі зноў звярнуўся з заклікам да абодвух бакоў канфлікту ўзгадніць і як мага хутчэй увесці зону ядзернай бяспекі вакол Запарожскай АЭС. У апошнія месяцы ён вёў інтэнсіўныя кансультацыі з Украінай і Расеяй пра стварэнне такой зоны, але пакуль што безвынікова.

Беларускае Радыё Рацыя