ЧС. Баявая нічыя Уэльса і ЗША



Апошні матч дня чэмпіянату свету паміж дружынамі Уэльса і ЗША быў адзначаны сапраўды мужчынскім жорсткім футболам. Каманды аднаго класу і падобнага стылю ўрэшце разышліся баявой нічыёй – 1:1.

У першым тайме больш крэатыўнай і дынамічнай выглядала маладая амерыканская каманда. Яе невялікая перавага вылілася ў гол Цімаці Веа. Ён, дарэчы, сын знакамітага ліберыйскага футбаліста Джорджа Веа, уладальніка некалі „Залатога мяча” і між іншым 25-га прэзідэнта Ліберыі. Але малодшы Веа нарадзіўся ў ЗША.

У другой палове валійцы істотна дадалі ў руху і ўрэшце дамагліся свайго. Лідар каманды Гарэт Бэйл, які зараз выступае ў амерыканскай лізе, зарабіў пенальці і сам жа яго ўпэўнена рэалізаваў. Гэта быў яго 41-ы гол за нацыянальную дружыну.

ЗША – Уэльс – 1:1 (Веа, 36; Бэйл, 82, з пенальці).

Становішча ў групе „В” пасля першага туру: 1. Англія – 3 ачкі; 2-3 Уэльс і ЗША – па 1; 4. Іран – 0.

Беларускае Радыё Рацыя