Раман Кісляк: Дапамога патрэбна кожнаму палітвязню
Амаль паўтары тысячы чалавек прызнаныя праваабаронцамі палітзняволенымі ў Беларусі.
Кожнаму з іх – актывістам, блогерам, журналістам ды іншым, хто сядзіць за кратамі ў беларускіх калоніях і турмах, патрэбная дапамога, лічыць праваабаронца, кіраўнік «Беларускай дыяспары ў Аджарыі» Раман Кісляк:
-Ім, у першую чаргу іх родным, іхным сем’ям, патрэбная дапамога. Бо менавіта на іхныя плечы кладзецца цяжар, трэба перадаваць рэчы, прадукты ў калоніі і ізалятары. Безумоўна, я падтрымліваю жаданне беларусаў дапамагаць сем’ям палітвязняў.
Па словах Рамана Кісляка, нават знаходзячыся далёка ад роднага Берасця, ён стараецца дапамагчы сем’ям палітзняволеных:
-Мы перш за ўсё кансультуем па розных пытаннях, з якімі сутыкаюцца сем’і палітвязняў і самі палітвязні. Працуем з адвакатамі, але чым далей, тым усё складаней.
Раман Кісляк сам быў вымушаны пакінуць Радзіму з-за пераследу і ўжо больш за год знаходзіцца ў Грузіі, дзе прымае актыўны удзел у грамадскай, праваабарончай дзейнасці і ў працы беларускай дыяспары ў Аджарыі.
Беларускае Радыё Рацыя