У Менску па новым рэчышчы пусцяць раку Свіслач
Гэта адбудзецца пры будаўніцтве тунэлю, які злучае новыя станцыі трэцяй лініі метро „Пярэспа” і „Прафсаюзная”, піша тэлеграм-канал ДВА «Мінскбуд».
Як распавёў галоўны інжынер праектаў „Мінскметрапраект” Павел Непачаловіч, на ўчастку Свіслачы спярша зробяць водапаніжэнне, а потым паставяць агароджу, якая падзеліць рэчышча на дзве часткі. Па адной рака пацячэ, як і раней, а на другой умацуюць адхоны і ўсталююць жалезабетонную пліту таўшчынёй у 500 мм. Калі пліта стане трывалай, водную плынь накіруюць на гатовую палову, а будаўнікі зоймуцца бетанаваннем другой.
Па словах Непачаловіча, плошча маналітнай падушкі складзе больш за 600 квадратных метраў. Ад узроўню вады яна адступіць прыкладна на паўтара метра. Гэта абароніць тунэлі метро ад паступлення вады і прасядання грунту.