Юрась Губарэвіч: Рух «За свабоду» і яго сябры ў Беларусі спынілі дзейнасць
22-23 лістапада прайшлі масавыя ператрусы па ўсёй Беларусі ў былых сяброў зліквідаванага год таму Руху «За свабоду». Магчыма, гэта звязана з тым, што кіраўнік Руху Юрась Губарэвіч увайшоў у пераходны кабінет Паўла Латушкі і стаў адным з яго намеснікаў.
Юрась Губарэвіч не можа сказаць, ці гэта дакладна так, але яго чарговы крок у палітыцы не мае дачынення да былых сяброў Руху «За свабоду».
Кажа Юрась Губарэвіч:
– Усе свае дзеянні, якія я ажыццяўляю на карысць пераменаў у нашай краіне, на карысць вяртання да дэмакратыі, я раблю як асоба, якая мае досыць працяглы досвед у палітычнай і грамадскай працы.
Па словах Юрася Губарэвіча, Рух «За свабоду» спыніў сваю дзейнасць і спынілі сваю працу ў ім сябры, якія знаходзяцца ў Беларусі. Працягваюць працу толькі тыя, якія знаходзяцца ў бяспецы за межамі краіны:
– Тыя сябры Руху “За свабоду”, якія пакінулі Беларусь, маюць паміж сабой камунікацыю, будуюць супольныя планы і рэалізуюць пэўную дзейнасць на карысць пераменаў у Беларусі. Аднак гэта робіцца тымі, хто на тэрыторыі не падкантрольнай рэжыму Беларусі.
Паводле Юрася Губарэвіча, стала вядома, што колькасць візітаў сілавікоў і ператрусаў у актывістаў, якія былі сябрамі зліквідаванага Руху «За свабоду», дайшла да паўтара дзясятка.
Беларускае Радыё Рацыя