ЧС. Іспанія з хакейным лікам разграміла Коста-Рыку



Іспанская дружына, якая даўно не выйгравала ў стартавых матчах мундыялю, на гэты раз не пакінула аніякіх шанцаў кастарыканцам. Яшчэ да перапынку „фурыя роха” расставіла ўсе кропкі над „і”, кожны з яе форвардаў запісаў у актыў выніковы стрэл. А першы ж мяч Дані Ольма стаў для пірэнейцаў 100-ым на чэмпіянатах свету.

Пасля антракту Ферран Торас аформіў дубль, чацвёрты раз засмуціўшы вопытнага Кейлара Наваса. Пасля гэтага Луіс Энрыке заняўся ратацыяй і спакойна перавёў партыю ў эндшпіль. Давяршылі разгром юны таленавіты хаўбек Гаві, Карлас Салер і Альвара Марата. Дадамо, што ў больш маладым узросце на чэмпіянатах свету за Гаві забіваў толькі Пеле ў 1958 годзе.

Кастарыканцы відавочна расчаравалі, не стварыўшы за матч па-сутнасці аніводнай пагрозы браме суперніка.

Іспанія – Коста-Рыка – 7:0 (Дані Ольма, 11, Марка Асенсіа, 21, Ферран Торас, 32, з пенальці, 54, Гаві, 74, Карлас Салер, 90, Альвара Марата, 90+2).

Становішча ў групе Е: 1. Іспанія – 3 ачкі, 2. Японія – 3, 3. Германія – 0, 4. Коста-Рыка – 0.

Беларускае Радыё Рацыя