Украіна ініцыявала тэрміновае пасяджэнне Рады бяспекі ААН
Украіна звяртаецца ў ААН з просьбай правесці тэрміновае пасяджэнне Рады бяспекі пасля масіраванага расейскага абстрэлу, заявіў Уладзімір Зяленскі.
– Я звярнуўся да Рады бяспекі ААН і заклікаў рэагаваць на расейскі тэрор. Адно крэсла ў Радзе бяспецы да гэтай пары акупаванае, і яшчэ яны намагаліся казаць. Упэўнены, што расейскую хлусню ўжо ў свеце ніхто чуць не хоча. Рэальна тое крэсла пустое.
Пасля масіраваных атакаў, якія ў сераду правялі расейскія войскі, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што гэтая «жахлівая тактыка» не зломіць рашучасці Украіны і яе партнёраў. «Мільёны людзей па ўсёй Украіне знаходзіліся ў сховішчах, калі Расея сёння зноў запусціла ракеты. Пастаянныя атакі на аб’екты інфраструктуры накіраваныя на тое, каб трымаць мірнае насельніцтва Украіны ў цемры і холадзе. Гэтая жудасная тактыка не зломіць рашучасці Украіны і яе партнёраў», — напісаў ён у Twitter.
23 лістапада Расея нанесла чарговы масіраваны ракетны ўдар па Кіеве і іншым населеным пунктам Украіны. Паводле ўладаў, у выніку атакі на Кіеў загінулі тры чалавекі, у тым ліку 17-гадовая дзяўчына. Яшчэ 11 чалавек атрымалі раненні. Паводле звестак паліцыі, усяго загінулі шэсць чалавек, яшчэ 36 атрымалі раненні.
Як паведамілі ў Генштабе Узброеных сілаў Украіны, ударам з боку расейцаў падвергліся жылыя дамы, ЦЭЦ і падстанцыі ў Кіеве, Кіеўскай, Вінніцкай, Львоўскай і Запарожскай абласцях. Расея выпусціла па Украіне 70 ракет, большасць з іх былі збітыя сіламі СПА.
Масква, нягледзячы на шматлікія сведчанні, адмаўляе кропкавыя напады на мірных жыхароў.
Беларускае Радыё Рацыя