Пра яшчэ аднаго ворага ўладаў Беларусі
У нармальных краінах наяўнасць той ці іншай кавярні – гэта справа попыту. Карыстаецца попытам у людзей – кавярня працуе, не карыстаецца – закрываецца. А ў Беларусі праца кавярняў – гэта цэлая палітыка. Асабліва, што тычыцца „Макдональдса”. Такое адчуванне, што „Макдональдс” улады запісалі ледзь не ў ворагі. Бо ўлады робяць усё, каб нарэшце гэтай выспы захаду ў краіне не было.
Наконт таго, што мусіць прыйсці ім на замену выказалася колішняя міністр інфармацыі і цяперашняя дэпутат Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч. Аказваецца, замест „Макдональдса” мусяць быць “бульбяныя” з дранікамі, картаплянікамі, калдунамі і іншымі стравамі з бульбы. Беларускія стравы – гэта, канешне, добра. Але прычым тут „Макдональдс”? І чаму ўвогуле дэпутат Палаты прадстаўнікоў вырашае, што мусіць паўстаць на месцы „Макдональдса”? Хаця добра, што бульбяныя прапанавала. А магла б пачаць фантазіраваць пра адкрыццё кавярняў, дзе падаюць якіх прусакоў ці іншых вусякоў.
Самае цікавае, пакуль шэф Ананіч, самівеадецехто, не заікнуўся пра „Макдональдс”, сама былая міністарка інфармацыі ні сном, ні духам на гэтую тэму. А вось як саміведаецехто парадаваўся таму, што „Макдональдс” сыходзіць з Беларусі і заклікаў спажываць сваё, то ўжо і Ананіч раптам узгадала пра беларускія стравы ў бульбяных, якія мусяць замяніць „Макдональдс”. Карацей, чакаю працяг развагаў пра бульбяныя і кепскі „Макдональдс” і ад іншых чыноўнікаў.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя