Хакеісты менскага „Дынама” спынілі серыю паразаў у КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” святкавалі першую за шэсць матчаў перамогу ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У чацвер хакеісты „Дынама” сустракаліся з аднаклубнікамі з Масквы. Першы перыяд скончыўся з мінімальнай перавагай „зуброў” – на 8-й хвіліне лік адкрыў Павел Варфаламееў. У пачатку другой трэці маскоўскія дынамаўцы выправілі становішча: госці не толькі параўнялі лічбы, але і выйшлі наперад – 2:1. Адну з шайбаў правёў беларускі форвард масквічоў Аляксандр Скарэнаў. Зрэшты, радасць каманды з Масквы доўжылася нядоўга – на другі перапынак лідарамі сыходзілі ўжо менчукі – 3:2. Дакладнымі кідкамі за „зуброў” адзначыліся Уладзімір Алістраў і Раман Гарбуноў. У фінальнай 20-хвілінцы каманды абмяняліся галамі, за гаспадароў закінуў Віталь Пінчук. Як вынік – доўгачаканая перамога менскага Дынама з лікам 4:3.
Наступны матч менчукі правядуць зноў супраць маскоўскага „Дынама”, але на гэты раз у сталіцы Расеі. Чарговае дынамаўскае дэрбі адбудзецца 28 лістапада.
„Менск” здабыў першую перамогу ў Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „Менска” здабылі першую перамогу ў новым сезоне Адзінай лігі ВТБ. У Краснаярску менчукі пасля дзесяці паразаў запар перапынілі серыю няўдач, адолеўшы мясцовы „Енісей” з лікам 63:61.
Беларускае Радыё Рацыя