Прэзентацыя аўтобусаў МАЗ у Хабараўску правалілася
У Хабараўску прэзентавалі апошнюю мадыфікацыю беларускага аўтобуса завода МАЗ.
„Прэзентацыя яго правалілася. Цана транспарту была вышэйшая за цану кітайскіх аналагаў амаль у два разы”, — піша DVHAB.ru.
Заваёўваць Далёкі Усход складаней, піша выданне, бо супрацьлеглы край Расеі вельмі цесна супрацоўнічае з Кітаем. Там і выбар большы, і цэны ніжэйшыя. І тым не менш МАЗ спробу зрабіў. Прывезлі абноўленую мадэль „МАЗ-203”. Тыя прадпрымальнікі, якія ўжо карыстаюцца МАЗамі, скардзяцца на тое, што беларускія камплектуючыя вымушаны чакаць доўга.
Але галоўнае, прадпрымальнікаў збянтэжыла цана. У мінулым месяцы адзін з мясцовых перавозчыкаў заключыў кантракт з кітайскім заводам, і там сярэдняя цана транспарту склала восем мільёнаў рублёў — у два разы менш. Высветлілася, што і памер аўтобуса не падыходзіць да вуліц горада — вельмі доўгія, а ў Хабараўску павароты ў цэнтры горада вельмі крутыя.
Беларускі “МАЗ-203” зараз дэманструецца перавозчыкам па ўсёй Расеі.