У Вільні адбылася акцыя беларусаў за сваю свабоду і супраць расейскай агрэсіі
Штонядзелю беларусы Вільні збіраюцца на плошчы Вінцэнта Кудзіркі, каб нагадаць пра беларускіх палітзняволеных і змаганне ўкраінцаў супраць маскоўскай акупацыі.
На акцыі можна набыць беларускую, украінскую і літоўскую сімволіку – грошы пойдуць беларускім добраахвотнікам, што змагаюцца ва Ўкраіне. Самі ўдзельнікі акцыі – хтосьці з іх ужо даўно ў Вільні, хтосьці змушана эміграваў пару тыдняў таму – кажуць, што галоўная іхная мэта – нагадваць пра зняволенне Беларусі і зняволеных беларусаў.
Распавядае ўдзельнік акцыі Вітольд з Берасця:
-Збіраемся, паказваем беларусам, якія засталіся на Радзіме, асабліва тым, якія сядзяць, палітвязням, якія гніюць у турмах, што мы іх падтрымліваем. Ведаю, што ў Варшаве і ў маленькіх гарадах збіраюцца. Рана ці позна адбудзецца тое, што мы запланавалі яшчэ ў 2020 годзе. Мы пераможам! Перамога ўжо не за гарамі. Жыве Беларусь! Слава Украіне!
Любоў з Баранавічаў кажа, што песімізму ў беларусаў Вільні няма, нягледзячы на разуменне таго, что зараз у самой Беларусі наступіў час жорсткай рэакцыі.
-Песімізму ніякага няма. Калі будзем працаваць у накірунуку вызвалення Беларусі, то мы даб’ёмся гэтага. Мой муж зараз паказвае гэта ва Украіне. Ён змагаецца супраць Расеі, якая з’яўляецца ворагам №1. Слабая Расея – нам дапамога.
Пасля акцыі ў цэнтры Вільні яе ўдзельнікі накіраваліся на могілкі Росы, каб ушанаваць магілы беларускіх паўстанцаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Вільня