Беларусы Варшавы адзначылі Дзень Герояў
Беларусы Варшавы 27-га лістапада ля помніка Касцюшку ў Варшаве адзначылі Дзень Герояў.
У гэты дзень у 1920 годзе пачалося ўзброенае паўстанне Слуцкага збройнага чыну супраць бальшавіцкай улады, кажа Вячаслаў Сіўчык прадстаўнік Руху салідарнасці „Разам”:
– Сяляне Слуцкага павету пачалі вайсковыя дзеянні супраць бальшавіцкіх войскаў, за Беларускую Народную Рэспубліку, за Беларусь, за беларускую ўладу. Вельмі добра, што гэтая дата адзначаецца. Я спадзяюся, што ў будучым гэта будзе дзяржаўнае свята незалежнай і вольнай Рэспублікі Беларусь.
Сярод удзельнікаў акцыі з бел-чырвона-белымі сцягамі звяртаў на сябе ўвагу ланцуг жанчын, якія трымалі доўгае льняное палатно з прымацаванымі партрэтамі загінуўшых ва Украіне беларусаў, гаворыць Таісія Кабанчук:
– Мы ведаем, што на сённяшні дзень загінулі 22 беларусы. Самыя лепшыя, самыя годныя, гэта сапраўдныя героі, якія аддалі за свабоду Украіны і Беларусі самае дарагое, сваё жыццё.
На акцыі выступілі ксёндз Вячаслаў Барок, рэдактар „Хартыі-97” Наталля Радзіна, намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук і іншыя. Выконваліся музычныя нумары.
Беларускае Радыё Рацыя