Беларускаму Моладзеваму Хабу ў Варшаве споўніўся год



Беларускі Моладзевы Хаб у Варшаве сёння адзначае народзіны: прасторы спаўняецца год.

Цяпер штомесяц тут ладзіцца каля 200 розных мерапрыемстваў. Сярод іх – сустрэчы з палітыкамі, актывістамі, культурнымі дзеячамі, канцэрты, моўныя заняткі, тэатральная і танцавальная школы, гурткі для дзяцей і інш. І хаця тэрытарыяльна пляцоўка знаходзіцца ў Варшаве, аднак мае партнёраў у Лодзі, Кракаве, Беластоку, Гданьску, Катавіцы, а таксама супрацоўнічае з арганізацыямі ў Літве і Украіне.

Пра тое, з чаго ўсё пачыналася, прыгадвае сузаснавальніца Беларускага Моладзевага Хабу Стася Гліннік:

– Усё пачалося з чатырох чалавек на лавачцы ў парку. Мне падаецца, наша каманда сабралася праз акцыі, якія ладзіліся па нядзелях у Варшаве. Акцыі салідарнасці. Я тады была іх арганізатарам, Алесь Лапко дапамагаў арганізоўваць мерч па ўсіх акцыях, а пасля ён быў асноўным арганізатарам “Альтэрнатыўныя выбары”, якія мы ладзілі 9 жніўня пад амбасадай. І тады вось мы паспрабавалі ўсе разам працаваць.

Сёння ў гонар народзінаў у Беларускім Моладзевым Хабе выходны. Але ўжо заўтра аб’яднанне вернецца да свайго традыцыйна актыўнага жыцця: зноў на пляцоўцы пройдуць шматлікія падзеі самых розных накірукаў, якія аб’яднаюць беларусаў.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя