Агляд прэсы: падпарадкуйся ці памры



Што азначае смерць міністра замежных справаў Макея? Кітайская «рэвалюцыя чыстага аркушу». Ці вытрымае ЕЗ Венгрыю? Балгарыя і Румынія на парозе ўступлення ў Шэнген. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей раптоўна памёр у мінулую суботу. Макей займаў сваю пасаду пры Лукашэнку з 2012 года. Еўрапейская прэса пралівае святло на магчымыя палітычныя наступствы і, улічваючы невыразныя абставіны смерці, таксама разважае пра тое, хто мог бы быць зацікаўлены ў смерці Макея. «Гэтая смерць мае палітычныя наступствы», – піша польскае выданне wPolityce.pl.

«З некаторых часоў з Беларусі паступаюць паведамленні аб хуткіх пераменах, аж да магчымай адстаўкі Лукашэнкі, а таксама аб новых спробах Менска ўрэгуляваць свае адносіны з Еўропай. Макей мог бы адыграць важную ролю на гэтым новым вітку, што таксама робіць яго раптоўную смерць палітычнай, паколькі так званае ліберальнае крыло апарата ўлады зараз пазбавілася свайго флагмана. Макей памёр напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў краін АБСЕ. Характэрна, што на гэтую сустрэчу не быў запрошаны Сяргей Лаўроў, а значыць, прысутнасць беларускага міністра стала б палітычным сігналам, тым больш што расейская дыпламатыя вельмі нервова адрэагавала на тое, што Расеі адмовілі ва ўдзеле ў гэтым форуме», – падкрэслівае польскае выданне.

У панядзелак у Кітаі шматлікімі сіламі паліцыі былі разагнаныя акцыі пратэсту супраць антыкавіднай палітыкі ўрада. Прадстаўнік МЗС краіны заявіў, што палітыка нулявога ковіда будзе працягнутая, але ў той жа самы час можна чакаць і некаторых паслабленняў: у Пекіне, напрыклад, студэнтам некаторых універсітэтаў зноў дазволена пакідаць тэрыторыю кампуса. Масавыя пратэсты, якія пракаціліся па краіне ў мінулыя выходныя, працягваюць трымаць увагу еўрапейскай прэсы. Па меркаванні гішпанскай газета El Mundo, тое, што адбываецца, нагадвае 1989 год.

«Хоць цяперашні пратэстны рух яшчэ не з’яўляецца рэвалюцыяй, ён нагадвае студэнцкі бунт, які скончыўся бойняй на плошчы Цяньаньмынь у 1989 годзе. Упершыню з таго часу ў краіне зноў раздаюцца заклікі да свабоды і дэмакратыі, і гучаць яны з вуснаў моладзі. Пратэсты таксама адлюстроўваюць тое, наколькі кітайцы стаміліся ад палітыкі ўлад у галіне аховы здароўя – палітыкі, якую камуністычны ўрад выкарыстоўваў для ўзмацнення кантролю над грамадствам, але якая стала для яго самога свайго роду пасткай. Кітайцам даводзіцца трываць не толькі абмежаванні перамяшчэння, але і эканамічны спад, які ўжо закранае хатнія гаспадаркі: беспрацоўе сярод моладзі знаходзіцца на рэкордным узроўні, а рынак нерухомасці разбураецца на вачах», – канстатуе гішпанскае выданне.

На думку Еўракамісіі, Венгрыя не прыкладае належных намаганняў у справе барацьбы з карупцыяй і правядзення рэформ. На гэтым фоне камісія мае намер замарозіць да 7,5 млрд еўра субсідый, якія першапачаткова прызначаліся для Будапешта. Адпаведную рэкамендацыю Еўракамісія можа абнародаваць ужо ў сераду. А праз тыдзень канчатковае рашэнне падчас галасавання будуць прымаць міністры фінансаў ЕЗ. Па меркаванні большасці аглядальнікаў, гэты крок наспеў ужо даўно. Так шведская газета Aftonbladet выказвае асцярогі, што краіны, у якіх уплыў на ўрад аказваюць партыі-еўраскептыкі, як тое мае месца ў выпадку Швецыі з яе Шведскімі дэмакратамі, здольныя ў выніку аслабіць фронт супраць такіх краін, як Венгрыя. Як адзначае газета, адной з прыкметаў гэтай тэндэнцыі з’яўляецца той факт, што падчас галасавання па праекце бюджэту Еўразвяза Швецыя ўстрымалася, нароўні з Венгрыяй.

«У першай палове 2023 года наша краіна будзе мець старшыньства у Савеце ЕЗ, пры гэтым мы ўжо зараз не змаглі даць дабро на найважнейшае рашэнне гэтага года. Замест гэтага мы сядзелі са скрыжаванымі на грудзях рукамі побач з прадстаўніком краіны, якая займаецца шантажом дзеля таго, каб мець магчымасць знішчаць дэмакратыю ў сябе дома. Пакуль што жоўтая лямпачка, запаленая Швецыяй падчас галасавання – гэта значыць рашэнне ўстрымацца – не выклікала ў самой краіне вялікага рэзанансу. Але ў Брусэлі ўжо ўспыхнуў сігнал трывогі», – папярэджвае шведскае выданне.

8-га снежня на сумесным пасяджэнні міністраў юстыцыі і ўнутраных спраў краін ЕЗ будзе вырашацца пытанне аб прыняцці Харватыі, Балгарыі і Румыніі ў Шэнгенскую зону з 2023 года. Рашэнне можа быць прынятае толькі ў тым выпадку, калі за яго аднагалосна прагаласуюць усе краіны супольнасці. Аднак шэраг краін выказвае пярэчанні супраць прыняцця Балгарыі і Румыніі, спасылаючыся на існуючыя ў гэтых краінах праблемы з карупцыяй, а таксама баючыся павелічэння патоку мігрантаў. Румынскае выданне G4Media.ro раіць не будаваць занадта вялікіх надзей.

«Нягледзячы на адназначную падтрымку з боку Нямеччыны і Францыі, трэба яшчэ пераканаць Нідэрланды і Швецыю, у якіх маюцца ўнутрыпалітычныя пярэчанні. А тыдзень таму з’явілася новая перашкода: Аўстрыя. Вена сутыкаецца з цяжкасцямі з прычыны вялікай колькасці мігрантаў, якія прыбываюць у краіну па Балканскім маршруце, а таму выступае за тое, каб рэфармаваць Шэнгенскую зону, а не пашыраць яе. Аўстрыя мае намер дабіцца таго, каб на ўзроўні ЕС быў прыняты новы пакт па пытаннях міграцыі і прадастаўлення прытулку, які пакуль што заблакаваны Венгрыяй і Польшчай, і пагражае накласці вета на прыём у Шэнгенскую зону Румыніі і Балгарыі. У гэтай партыі Бухарэсту пастаўлены шах, і цяжка ўявіць сабе, што сітуацыю ўдасца вырашыць да паседжання Рады ЕЗ 8 снежня, у якім будуць прымаць удзел міністры ўнутраных спраў і юстыцыі краін супольнасці», – адзначае румынскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя