Наталля Пінчук: Важна, каб тэма Беларусі не зыходзіла з міжнароднай павесткі
Журналіст Беларускага Радыё Рацыя Міхась Андрасюк паразмаўляў з Наталляй Пінчук, жонкай палітвязня і сёлетняга лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. 10 снежня ў Осла адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі, на якой будзе прысутнічаць спадарыня Наталля.
– Наталля, можа і банальнае пытанне, тым не менш, было ў вас такое маленькае спадзяванне, што ў гэтым годзе лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру стане Алесь Бяляцкі?
– Пра што думак не ўзнікала, то менавіта пра гэта, шчыра кажучы. Па той простай прычыне, што сітуацыя змянілася, калі 10 год таму Алесь знаходзіўся ў зняволенні, увага была такая да яго асобы асабліва адчувальная і відавочная. Што тычыцца гэтай цяперашняй сітуацыі, то склалася такое ўражанне, што яго асоба не настолькі важная, для мяне гэта і было зразумела чаму. Таму, што зараз не ён адзін і не дзесяць чалавек знаходзяцца ў вязніцы, зараз тысячы людзей знаходзяцца ў турмах за сваю грамадскую пазіцыю. Дык вось гэтым я тлумачыла, што ўвага размеркаваная паміж усімі іншымі і таму ніякіх думак абсалютна, звязаных з гэтым, не магло ўзнікнуць, не было глебы для гэтага і таму гэтая навіна была проста ашаламляльнай.
– Ад сяброўкі вы даведаліся, што Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру?
– Так, было каротка і сцісла, я тады зразумела толькі агульны сэнс. Яна сама тады хутка спыніла тую размову і сказала, што зараз табе будуць усе тэлефанаваць. А я паглядзела ў тэлефон і ўбачыла, што сапраўды ўжо было шмат званкоў і паведамленняў.
– Алесь таксама, здаецца хутка, даведаўся пра гэты факт, але пасля таго ўжо, калі ён стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, ці нешта змянілася ў стаўленні да яго з боку следчых, турэмнай адміністрацыі, ці нешта вам пра тое вядома ўвогуле? Які ў вас зараз кантакт з мужам, ці штосці змянілася?
– Рэальна такіх відавочных зменаў няма, таму што як тады на той момант працягваліся следчыя дзеянні па яго справе, так яны і працягваліся надалей. Зараз яны ўжо завяршыліся, але што тычыцца яго знаходжання, то ён знаходзіцца па-ранейшаму на Валадарцы ў СІЗА № 1. Што цікава, за гэты час я не атрымала ад яго ніводнага ліста, у якім ён бы апісваў свае ўражанні ад гэтай падзеі. Лісты прыходзяць, яны тычацца абсалютна розных момантаў, але не прэміі.
– Можа тут праблема ў цэнзуры проста?
– Цалкам верагодна, іншая справа, што ў нас было спатканне і вось на спатканні там мы ўжо добра пра гэта пагаварылі, але што датычыца нашай пісьмовай камунікацыі, то там гэтага няма.
– Літаральна днямі стала вядома, што справа Алеся Бяляцкага і яго паплечнікаў накіраваная ў суд, за два тыдні да таго, калі будзе ўручацца Нобелеўская прэмія ў Осла. Як мяркуеце, гэта мэтанакіраванасць, выпадковасць, доказ сілы дыктатуры, а можа дыктатура хоча неяк выйсці з гэтай сітуацыі і ў судзе вызваліць Алеся і змяніць меру стрымання, пакарання?
– Пра такія рэчы я баюся разважаць, бо маю ўжо дастаткова вялікі вопыт таго, што кожныя спадзяванні могуць ушчэнт разбіцца і кожныя прагнозы могуць таксама не спраўдзіцца. У гэтым сэнсе я ўжо стараюся не спадзявацца на нешта, а проста глядзець як будуць разгортвацца падзеі. На лепшае я не асабліва разлічваю, шчыра скажу. Хутчэй усяго справа ідзе сваім ходам, як яна ішла і падзеі рагортваюцца так, як планавалася.
– 10 снежня вы будзеце ў Осла, будзеце прымаць удзел у гэтай цырымоніі, калі не сакрэт, што хочаце сказаць прысутным там і таксама мільёнам людзей на свеце, якія будуць услухоўвацца ў кожнае ваша слова?
– Так, я буду прысутнічаць на цырымоніі, але паколькі Алесь там не зможа быць з прычыны вядомых абставінаў, таму што ён знаходзіцца зараз у турме, то мая задача будзе якраз палягаць у тым, каб перадаць ягоныя словы. І хай ён не мог сам напісаць іх, але шукаюцца зараз тыя словы, якія адлюстроўвалі б тую сітуацыю, якая зараз у нас у Беларусі. Ёсць шмат розных момантаў, якія тычацца і людзей у зняволеннні, і геапалітычнай сітуацыі, і розных іншых момантаў, якія Алесь яшчэ да таго, як патрапіў у турму, ён пра гэта гаварыў неаднаразова. Вось гэтыя яго выказванні, яго думкі будуць абвешчаны.
– Што для вас абазначае, быць жонкай самага вядомага беларускага палітычнага вязня ў свеце ці ўвогуле сама вядомага палітычнага вязня ў свеце? Нобелеўская прэмія – яна штосці змяніла ў вашым асабістым прыватным жыцці?
– Прэмія ў маім асабістым жыцці не змяніла нічога. Усё ідзе сваім ходам. Іншая справа, што накладаюцца большыя абавязкі і большая адказнасць, то ў гэтым сэнсе можна сказаць змяніла. А ў адносінах да Алеся я скажу, што прэмія – гэта ўсё ж прызнанне яго працы, яго пастаяннай дзейнасці ў галіне праваабароны, гэта ганаровае званне, гэта верагодна нешта зменіць у ягоным жыцці. А можа і не зменіць. Тут цяжка сказаць. Але ў маім жыцці пакуль што нічога не змянілася.
– Для Алеся, на жаль, гэта не першы тэрмін за кратамі. Скажыце, што вам дапамагае вытрымаць напругу ў такіх экстрэмальных сітуацыях?
– Так, у маім жыцці гэта не першы такі сумны вопыт, звязаны з увязненнем Алеся. Дапамагаюць найперш людзі вытрымаць усё гэта. Гэта тычыцца як бліжняга кола сяброў, так і людзей знаёмых, малазнаёмых і зусім незнаёмых. Блізкае кола сяброў у мяне сфармавалася яшчэ ў час першай, вось такой доўгай адседкі Алеся. Гэта тыя жанчыны, сыны, мужы якіх тады сядзелі адначасова. І вось гэтыя сувязі замацаваліся, не разарваліся пасля таго, як нашых родных вызвалілі і ў другі час вось такой сітуацыі, мы зноў патрапілі амаль адначасова ў падобнае. І зноў мы сталі адзін для аднаго апораю. І разам выстойваць значна лягчэй.
– Палітычных вязняў у Беларусі зараз далёка больш за тысячу. Што б вы сказалі для іншых жанчын, жонак, маці, як не паддавацца ў гэтай сітуацыі?
– У гэтай сітуацыі трэба, па-першае, берагчы сябе. Бо зберагаючы сябе, вы даеце шанц выжыць сваім блізкім, вы даеце шанц паслаць ім вестку аб тым, што пра іх памятаюць, што пра іх клапоцяцца. Гэта вельмі важна для тых, хто знаходзіцца на сёняшні дзень за сценамі турмаў. Будзеце вы мець здароўе, будзеце мець сілы, будць і вашы блізкія, якія там знаходзяцца, мець падтрымку. І будуць яны мець сілы ўсё гэта вытрываць і выстаяць.
– Як мы, звычайныя грамадзяне, хто на свабодзе, можам дапамагчы Алесю Бяляцкаму, падтрымаць яго, што можа зрабіць грамадзянская супольнасць, звычайныя беларусы і не толькі беларусы?
– Што тычыцца беларусаў, грамадзянскай супольнасці – тых, хто знаходзіцца за мяжой, важная менавіта іх актыўная дзейнасць па тым, каб знаходзіць падтрымку і салідарнасць у іншых дэмакратычных краінах, увогуле ўздымаць пытанне беларусаў, актуалізоўваць яго, каб тэма Беларусі не сыходзіла з міжнароднай павесткі, каб пра Беларусь памяталі, памяталі пра яе праблемы і ў пэўнай ступені выказвалі б беларусам падтрымку. Я не кажу пра беларусаў у самой Беларусі, якраз тут звяртаю ўвагу на тых беларусаў, якія воляй неспряльнага лёсу апынуліся за яе межамі.
– Дзякуй за размову!
– Калі ласка, усяго добрага!
Слухайце размову ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя