«Лука – партрэт мінулага»
«Лука – партрэт мінулага» – такі назоў мае кніжка, выдадзеная Аб’яднаннем „Лука над Нарвай – выратаваць ад забыцця». Выданне прысвечанае гісторыі вёскі Лука, адной з вёсак, якая ў канцы 70-тых гадоў мінулага стагоддзя была ліквідаваная ў сувязі з пабудовай вадасховішча Семяноўка.
Аўтар кніжкі – Лукаш Бірыцкі, бацька якога родам з Лукі, амаль дзесяць гадоў збіраў матэрыялы для манаграфіі. А ўсё пачалося з генеалогіі сям’і:
-З самага пачатку цікавіла мяне выключна генеалогія маёй сям’і родам з вёскі Лука. Пасля даведаўся, што была таксама і вёска Семяноўка. І пры нагодзе наведвання архіваў, я пачаў збіраць дадакова інфармацыю пра вёску Лука. І пасля нейкага часу я пабачыў, што сабралася так многа вестак, што шкада было, каб яны недзе прапалі. Я тады палічыў, што можа трэба напісаць кніжку, манаграфію вёскі. І так ўзнікла кніжка.
Жыхароў Лукі ў канцы 70-тых гадоў перасялілі ў іншыя мясцовасці, сярод іншага, узнікла вёска Новая Лука. Частка вёскі апынулася пад вадасховішчам, а астатнія землі былі перанятыя дзяржавай. Некалькі дзясяткаў гадоў нашчадкі лучан змагаюцца праз суд за вяртанне адабраных у іх зямельных участкаў, не залітых водамі вадасховішча. Дзеля гэтага, між іншым, было створана Аб’яднанне „Лука над Нарвай – выратаваць ад забыцця”.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток