Ганна Прышывалка: Беларуская павестка павінна заставацца актуальнай
2-га снежня ў Варшаве адкрыецца выстава „Minsk antizoo. Red mark”. Фотапраект прымеркаваны да падзей Беларусі 2020 года і прысвечаны жанчынам-палiтвязням.
Арт-дырэктар і суаўтар выставы Ганна Прышывалка распавяла пра гісторыю і адметнасці праекту нашаму карэспандэнту.
РР: Што будзе сабой уяўляць выстава, якая хутка разгорнецца?
Ганна Прышывалка: Гэта фотапраект. Там ёсць невялікі кавалачак відэачасткі гэтага праекту, які быў адзняты ў Менску ў 2021 годзе. Гэта праект творчай рэфлексіі нашай крэатыўнай каманды на падзеі 2020 года. 2 снежня адбудзецца прэзентацыя, дзе мы з удзельнікамі праекта крыху распавядзем пра праект, прэзентуем яго. Спадзяюся, што мы добра правядзем час. Будзе пачастунак, а таксама для наведнікаў прэзентацыі і выставы, якая падоўжыцца да 10 снежня, будзе магчымасць паўдзельнічаць у імправізаванай фотаакцыі. Што гэта за акцыя, даведаецеся, калі прыйдзеце.
РР: Гэтая выстава чакала свайго часу. Што зараз стала штуршком для таго, каб яна нарэшце рэалізавалася?
Ганна Прышывалка: Мне ў нейкі момант здавалася, што праект, на жаль, сыдзе ў стол. Таму што, калі мы яго знялі ў Менску, было зразумела, што яго можна аднесці да экстрэмісцкіх. Затым не было ніякай магчымасці прэзентаваць. А зараз такая магчымасць з’явілася, дзякуючы добрым людзям. І я раптам адчула, менавіта зараз, такую ўнутраную неабходнасць прэзентаваць гэты праект, таму што для мяне вельмі важна, каб беларуская павестка, тэматыка таго, што працягвае адбывацца ў Беларусі, заставалася актуальнай, важнай. Таму што нічога не закончылася, усё працягвае адбывацца. У прыватнасці наш праект прысвечаны палітвязням і асабліва жанчынам-палітвязням. Я ўвесь час гляджу гэтую інфармацыю, нават на сённяшні дзень у месцах зняволення Беларусі знаходзіцца 207 жанчын, якія прызнаныя палітвязнямі. Таму мне вельмі больна чуць, калі, у тым ліку беларусы, кажуць, што гэтая тэма неактуальная. І для мяне гэта мой асабісты ўклад у тое, каб мы працягвалі помніць і ведаць, што гэта ўсё адбываецца, ні ў якім разе не змяншаючы тых падзеяў, якія зараз адбываюцца ва Украіне. Бо для нас, беларусаў, наша павестка таксама павінна быць важнай.
Цалкам размова:
Адкрыццё выставы „Minsk antizoo. Red mark” адбудзецца 2-га снежня ў Беларускім Моладзевым Хабе (plac Konstytucji, 6). Пачатак – у 19:00. Убачыць творы можна будзе да 10-га снежня.
З арт-дырэктарам і суаўтарам падзеі Ганнай Прышывалка размаўляла Марына Савіцкая.