Агляд прэсы: стаўка на залатую сярэдзіну



Сям’я беларускага дыктатара любіць еўразвязаўскую раскошу. Бундэстаг прызнаў Галадамор генацыдам. Еўрапейскія грошы для Венгрыі. У Вялікабрытаніі пастаўлены іміграцыйны рэкорд. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Пышныя паездкі на дзень нараджэння ў рэстараны з зоркамі Мішлен у Францыі, катанне на лыжах у Аўстрыі і загар у Італіі — уцечка дадзеных аб авіярэйсах паказвае, як сям’я бязлітаснага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі жыла la dolce vita ў Еўропе. Між тым, зняволеная апазіцыйная лідарка Марыя Калеснікава была дастаўлена ў рэанімацыю ў бальніцу ў Беларусі», – паведамляе еўрапейскае аналітычнае выданне Euobserver.

Марыя Калеснікава з’яўляецца адной з тысяч ахвяр рэпрэсій Лукашэнкі супраць людзей, якія адхілілі яго фальшывае перавыбранне ў 2020 годзе. Маем бесперапыннае шоу жахаў, якое рызыкуе быць забытым сярод штодзённых загалоўкаў аб вайне Расеі ва Украіне. Сам Лукашэнка, два яго дарослыя сыны Дзмітрый і Віктар, а таксама жонка Віктара Лілія знаходзяцца ў спісах неўязных і замарожаных актываў ЕЗ. А вось малодшы сын прэзідэнта Коля (студэнт), жонка Дзмітрыя Ганна Лукашэнка і некалькі непаўналетніх сваякоў у чорны спіс не патрапілі. І паколькі цесць-дыктатар Ганны працягвае прычыняць пакуты такім людзям, як Калеснікава, запісы палётаў, якія прасачыліся, паказваюць, якой раскошай любіць карыстацца кіруючы клан у самым сэрцы Еўропы, маючы такую магчымасць. Дарагія лыжныя курорты, авіяпералёты за 480 000 еўра кожны, ды іншае — значна больш, чым задэклараваны сумесны даход Ганны і яе мужа ў суме 80 000 еўра. Акрамя гэтага Ганна Лукашэнка звязана са славенскім бізнэсоўцам Жыварадам Смількавічам з люблянскай фірмы Riko, якая атрымала ў Беларусі мільённыя падрады на будаўніцтва. Калі Лукашэнка наведаў Ерэван на мінулым тыдні, Смількавіч ляцеў з ім на цёплым самалёце, а вось яго шматгадовы міністр замежных спраў Уладзімір Макей паляцеў дадому грузавым самалётам пры тэмпературы на борце не вышэй за 10 градусаў па Цэльсію. Пры гэтым аніякай прапановы пра дадатковыя санкцыі супраць Беларусі на стале чыноўнікаў ЕЗ няма. Мажліва яны спрацуюць, калі ў Беларусі зноў нешта здарыцца. А вось гэтага нікому ў ЕЗ не хацелася б», – падсумоўвае еўрапейскае выданне.

***

Бундэстаг прыняў рэзалюцыю, якая прызнае Галадамор 1932-1933 гадоў генацыдам украінскага народа. Як заявіла дэпутат ад СДПГ Габрыэла Хайнрых, Галадамор быў рэалізаваны Сталіным наўмысна і мэтанакіравана. У тыя гады ва Украіне памерла ад голаду некалькі мільёнаў чалавек. Прэса дзеліцца сваімі меркаваннямі наконт рэзалюцыі. «Гэтае рашэнне невыпадкова прынятае менавіта цяпер», – мяркуе італьянская газета La Stampa.

«Выкарыстаннем тэрміна «генацыд», які абазначае самае цяжкае з усіх злачынстваў міжнароднага характару, фарміруецца палітычны пасыл, які ўстанаўлівае сувязь паміж тым, што адбывалася тады, і тым, якім чынам Расея вядзе гэтую вайну сёння: знішчаючы грамадзянскую інфраструктуру, якая забяспечвае насельніцтва электрычнасцю і вадой, і робячы гэта менавіта цяпер, калі наступаюць халады. Гэта значыць тады – голад і смерць, а сёння – холад і смерць», – адзначае італьянскае выданне.асл

***

Еўракамісія лічыць недастатковымі рэформы ў сферы барацьбы з карупцыяй, якую праводзіць Венгрыя. Таму Брусель выступіў з рэкамендацыяй замарозіць фінансаванне ў памеры 7,5 млрд еўра, прызначанае для Будапешта. У той самы час Еўракамісія раіць ухваліць прадстаўлены краінай план аднаўлення эканомікі ад наступстваў пандэміі. На гэтыя мэты плануецца выдзеліць Венгрыі 5,8 млрд. еўра з адпаведнага фонду ЕЗ. Цяпер сваё слова павінны сказаць міністры фінансаў краін супольнасці. Як мяркуе нямецкая газета Deutschlandfunk, Орбан вельмі хутка пойдзе на папятную, бо ён апынуўся ў вельмі няпростым становішчы.

«Перш за ўсё – у фінансавым плане. Эканоміка, у якую ён любіць умешвацца самым дырыжысцкім чынам, загразла ў карупцыі і стагнуе; грошай на стрымліванне росту тарыфаў на газ і электрычнасць у казне ўжо не засталося. Інфляцыя складае 20 працэнтаў, а працэнты па крэдытах – 17. У Орбана ўжо няма сродкаў на тое, каб прапаноўваць народу «хлеб і відовішчы». Еўразвяз выйграе гэтую бітву за ўладу з Віктарам Орбанам, бо ў руках супольнасці – куды больш магутны рычаг ціску. Гэта будзе салодкая перамога – перамога дэмакратыі і вяршэнства права над аўтарытарызмам», – прагназуе нямецкае выданне.

***

У Вялікабрытаніі па стане на чэрвень 2022 года зафіксаваны пік іміграцыі за ўсе папярэднія 12 месяцаў. На Брытанскія выспы прыбыло на 500 000 чалавек больш, чым пакінула краіну – рэкорд, які можа выйсці бокам кансерватарам, якія абяцалі абмежаваць прыток імігрантаў. Як адзначае польскі штоквартальнік Krytyka Polityczna, лейбарысты, якія знаходзяцца ў апазіцыі, відавочна змянілі курс.

«Імкнучыся зноў прыцягнуць на свой бок выбаршчыкаў з акруг, якія традыцыйна галасавалі за лейбарыстаў, старшыня Лейбарысцкай партыі Кір Стармер звяртаецца да ўсё больш рэзкай рыторыкі па пытанні міграцыі. Менавіта пытанне міграцыйнай палітыкі стала ў свой час галоўнай прычынай таго, што гэтыя выбаршчыкі прагаласавалі за выхад з ЕЗ, і потым падтрымалі Джонсана ў 2019 годзе. Выступаючы нядаўна на з’ездзе Канфедэрацыі брытанскіх прамыслоўцаў – адной з найважнейшых бізнес-асацыяцый краіны – Стармер заявіў, што брытанскія кампаніі павінны развітацца з бізнес-мадэллю, заснаванай на выкарыстанні таннай замежнай працоўнай сілы, і замест гэтага пачаць укладваць сродкі ў навучанне і павышэнне кваліфікацыі брытанскіх кадраў», – падкрэслівае польскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.