Паэтка Ванда Марцінш душ Рэйш прэзентуе свой пераклад кнігі Далі Грынкявічутэ ў Вільні
Сёлета ў Літве выйшла кніга ўспамінаў Далі Грынкявічутэ «Літоўцы ля мора Лапцевых». Прычым выйшла па-беларуску. З літойскай мовы яе пераклала паэтка Ванда Марцінш душ Рэйш. Заўтра, 3 снежня, у Вільні ў Доме нацыянальных аб’яднанняў адбудзецца прэзентацыя кнігі. Паэтка патлумачыла нашаму радыё, чаму ўзялася за пераклад гэтай кнігі.
– У мяне і дзед, бацька маёй маці, восем гадоў адсядзеў у Сібіры. У мяне родны брат бацькі таксама спачатку патрапіў у гэты лагер, але запісаўся ў армію Андэрса, таму што сказаў, што ў мяне на вайне былі шанцы выжыць, у лагеры ў мяне шанцаў выжыць не было. Таму для мяне гэта была таксама асабістая даніна памяці. І канешне, гэта мяне ўзрушыла больш чым іншыя творы, напрыклад, Салжаніцына ці таго ж Аляхновіча, якія я чытала, таму што гэта напісала дзяўчынка.
У кнігу Далі Грынкявічутэ «Літоўцы ля мора Лапцевых» увайшлі ўспаміны, запісаныя 14-гадовай дзяўчынкай, высланай у чэрвені 1941 года разам з сям’ёй далёка за палярны круг, на голую выспу ў вусці ракі Лены. Палярная зіма без дроў і амаль без ежы, уцёкі з месца ссылкі без дакументаў і з хворай маці ў Літву, смерць маці і яе пахаванне ў падвале ўласнага дома – усё гэта апісана ў кнізе.
Беларускае Радыё Рацыя