Маладосць і спеласць Крушыны
Беларускі паэт, празаік, крытык Рыгор Крушына (сапраўднае прозвішча Казак) нарадзіўся 3 снежня 1907 года ў вёсцы Бязверхавічы Слуцкага павету (паводле іншых звестак у Вільні). Паходзіў з сям’і паштовага службоўца, дзяцінства праходзіла ў Вільні і на Случчыне (вёска Еўлічы). У 1914 сям’я ў час бежанства выехала ў Разань. Пасля першай сусветнай вайны вярнуўся на Случчыну. У 1924 паступіў на Слуцкія агульнаадукацыйныя кусы, быў актывістам беларусазнаўчага гуртка. У 1925 г. паступіў у Менскі беларускі педагагічны тэхнікум. Арыштаваны разам з малодшым братам Міколам у 1925 г. па справе Юркі Лістапада, пазней вызвалены. У 1927 годзе паступіў у Менскі беларускі педагагічны інстытут, стаў сябрам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Скончыў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі.
У пачатку другой сусветнай вайны застаўся на акупаванай тэрыторыі. З 1944 года жыў у Германіі. У 1950-1960-ыя працаваў у Мюнхене ў беларускай рэдакцыі радыё “Свабода”. Потым выехаў у ЗША. Адзін з заснавальнікаў у 1951 годзе Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Рэдагаваў часопіс “Конадні”. Друкаваўся ў многіх эмігранцкіх выданнях. Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы. Займаўся форматворчасцю, упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша як паліндром, туюг, газэлі, канцона, японскія танкі, пісаў санеты, трыялеты, ронда, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае Багдановічам, Дубоўкам, Пушчам. Рыгор Крушына стаў першым беларускім пісьменнікам, які быў прыняты ў сябры Міжнароднага ПЭН-клубу.
Да вайны выйшлі першы паэтычны зборнік Крушыны “Разгон” (Гомель, 1930; у суаўтарстве з Сяргеем Ракітам), зборнік вершаў “Паэзія чырвонаармейца” (Менск, 1931), падрыхтаваны трэці зборнік “Шкумат пачуцця”. У час вайны друкаваўся ў выданнях, якія выходзілі пры немцах – “Беларуская газета”, “Беларускі работнік”, “Раніца”. У ЗША выдаў зборнікі лірыкі “Лебедзь чорная” (1947), “Выбраныя творы” (1957), “Вячэрняя лірыка” (1963), “Хвіліна роздуму” (1968), “Вясна ўвосень” (1972), “Дарогі” (1974), “Сны і мары” (1975). Падрыхтаваны ў 1979 годзе зборнік “Рэквіем” застаўся ў рукапісе. У эміграцыі Крушына, апроч 7 паэтычных зборнікаў, напісаў 6 цікавых паэм (“Персідская легенда”, “Песня песняў Саламона”, “Эротава іскрынка”, “Кантата самотных”, “Паэма пра вусны”, “На руінах пачуццяў”). Як празаік напісаў апавяданне “Чорныя Дразды”, успаміны “Вогнішча”, “Пагібель праз жарты”, нарысы “Шумавінне”, “Паэзія геолагаў” (пра рэпрасаваных беларускіх аўтараў), крытычныя артыкулы “Барыс Мікуліч”, “Сымон Будны”, “Паўлюк Шукайла”.
Для ранняга перыяду творчасці Крушыны характэрна, што ён пісаў вершы на дазволеныя ідэалагічнай цэнзурай тэмы. У амерыканскі перыяд гучалі самыя разнастайныя матывы. Развіццё паэта, змест і эстэтычны лад яго вершаў змяняліся па меры асэнсавання аўтарам свабоды слова і жыцця ў вольным свеце. У яго паэтычных зборніках паўстае вобраз выгнанца – ужо вольнага паэта, але з параненым сэрцам, смуткам па пакінутай радзіме. Рыгор Крушына абвясціў прынцып свабоднага ад палітыкі і ўладаў мастацтва. Пісаў таксама пад іншымі псеўданімамі: Алесь Апавядальнік; Кастусь Рамановіч.
Памёр Рыгор Крушына 27 сакавіка 1979 года ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі, ЗША), паводле іншых звестак у Вашынгтане. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку.
Беларускае Радыё Рацыя