„Ні вы, ні мы вайны не хацелі і не хочам”
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу. Яны абмеркавалі падрыхтоўку падраздзяленняў Беларусі і Расеі, якія знаходзяцца ў нас у краіне, а таксама пагаварылі аб вайне ва Украіне.
„Думаю, вам ужо беларускі міністр абароны расказаў пра сітуацыю ў Беларусі, аб падрыхтоўцы, баявым зладжванні падраздзяленняў Беларусі і Расеі, якія прысутнічаюць у Беларусі. мы сур’ёзна да гэтага падышлі. І нашы, і вашыя афіцэры рыхтуюць хлопцаў. Для таго, каб у выпадку неабходнасці першыя шэрагі нашыя – абаронцы Саюзнай дзяржавы – змаглі адбіць любую агрэсію”, – сказаў на сустрэчы Лукашэнка. Таксама Лукашэнка распавёў Шайгу, што ён і спецслужбы Беларусі «не бачаць гатовасці да паўнапраўных перамоваў і па-чалавечы дамаўляцца» наконт вайны ва Украіне.
«Калі яны жадаюць ваяваць да апошняга ці то ўкраінца, ці то ўжо там паляка ці яшчэ наймітаў, ну, гэта іх справа, гэта іх права», – прыводзіць словы палітыка яго прэс-служба.
Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь і Расея „вайны не хацелі і не хочуць”.
Нагадаем, міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу на сустрэчы з міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным падпісалі пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі ў ваеннай сферы.
Беларускае Радыё Рацыя