Камітэт Сенату ЗША прызнаў дзеянні Расеі ва Украіне генацыдам



«Пуцін вельмі ясна прадэманстраваў, што яго мэта – спыніць існаванне ўкраінскага народу», – заявіў адзін з аўтараў рэзалюцыі сенатар Джым Рыш. Камітэт Сенату ЗША прызнаў дзеянні Расеі ва Украіне генацыдам.

Камітэт Сенату ЗША па міжнародных адносінах прыняў рэзалюцыю, у якой дзеянні Расеі ва Украіне прызнаюцца генацыдам украінскага народа. Пра гэта паведамляецца на сайце камітэту. Аўтарамі дакумэнта ў ліку іншых сталі дэмакраты Бен Кардын (ён узначальвае амерыканскую Хельсінкскую камісію) і Рычард Блюменталь, а таксама сенатары-рэспубліканцы Джым Рыш і Ліндсі Грэм. Рэзалюцыя асуджае Расею «за здзяйсненне актаў генацыду супраць народу Украіны», заклікае ЗША і саюзнікаў працягваць падтрымліваць урад Украіны, а таксама прапануе прэзідэнту ЗША Джо Байдэну ўвесці санкцыі ў рамках «акта Магніцкага» супраць людзей, якія маюць дачыненне да генацыду.

«Сваімі дзеяннямі Пуцін вельмі ясна прадэманстраваў, што яго мэта – спыніць існаванне ўкраінскага народу. Я асабіста бачыў сведчанні яго жорсткасці ў Ірпені і [іншых раёнах] Кіеўскай вобласці», – заявіў Рыш.