Хто стане першым паўфіналістам мундыяля?



Cёння пройдзе першы матч 1/4 фіналу чэмпіянату свету па футболе паміж зборнымі Нідэрландаў і Аргенціны. Падначаленыя Луі ван Гаала пакуль не прайгралі ніводнага паядынку. На двух папярэдніх для сябе чэмпіянатах свету нідэрландцы не толькі даходзілі да 1/4 фіналу, але і ў абодвух выпадках пераадольвалі гэтую стадыю.

Аргентынцы ў сваю чаргу не апусцілі галаву пасля асечкі ў першым туры і выдалі серыю з трох перамог. У парадку і лідэр паўднёваамерыканскай зборнай – Ліянэль Месі. Ён знайшоў матывацыю, згуртаваў сваіх партнёраў і зараз паказвае магутныя вынікі. У чатырох паядынках на гэтым турніры Месі забіў тры галы і аддаў адзін асіст. Абедзве каманды ўмеюць атакаваць і шмат забіваць, але ў аргенцінцаў часам узнікаюць нечаканыя промахі. Так, усе 3 галы на мундыялі каманда прапусціла ад досыць слабых супернікаў – Саудаўскай Аравіі і Аўстраліі. Пачатак – у 22:00 па беларускім часе. 

Новы футбольны сезон у Беларусі стартуе ў сакавіку

У асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” адбылася сустрэча кіраўнікоў клубаў вышэйшай лігі, на якой абмяркоўваўся праект календара на 2023 год. Плануецца, што новы сезон адкрыецца 4 сакавіка матчамі 1/4 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі. Паядынкі ў адказ за выхад у паўфінал запланавана правесці 11 і 12 сакавіка. Старт 33-га чэмпіянату краіны сярод каманд вышэйшай лігі запланаваны на 17 сакавіка, фінішуе нацыянальнае першынство ў пачатку снежня.

„Макслайн” аб’явіў аб стварэнні аддзялення ДЮСШ

Рагачоўскі „Макслайн” у сваіх афіцыйных пабліках падзяліўся чарговым паведамленнем, у якім давёў да ведама, што пачынае працу па выкананні крытэрыяў для праходжання ліцэнзавання ў вышэйшай лізе-2023. У прыватнасці, зазначаецца, што „з заўтрашняга дня пачне сваю працу аддзяленне дзіцяча-юнацкага футбола пры футбольным клубе „Макслайн”, у якое днямі будзе праведзены набор хлопчыкаў і дзяўчынак з Рагачова і Рагачоўскага раёна. Дадаткова будзе падрыхтаваны план развіцця маладзёжнага футбола горада да 2028 года.

Сядзько стаў гульцом менскага „Дынама”

Паўабаронца Павел Сядзько заключыў кантракт з менскім „Дынама”.

Павел з’яўляецца выхаванцам берасцейскага ЦАР, у верасні 2015 года дэбютаваў за асноўны склад „Дынама-Брэст”. Двойчы прызнаваўся лепшым гульцом вышэйшай Лігі-2022. Таксама Павел з’яўляецца гульцом нацыянальнай зборнай Беларусі, на гэты момант прыняў удзел у 11 матчах галоўнай каманды краіны.

Хакеісты менскага „Дынама” пацярпелі хатнюю паразу ад СКА

Хакейнае менскае „Дынама” пацярпела другую запар хатнюю паразу ў рамках рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі.

На „Менск-Арэне” гасцявала наймацнейшая каманда КХЛ – СКА з Санкт-Пецярбурга. Стартавы адрэзак сустрэчы скончыўся з мінімальнай перавагай „зуброў”, лік у матчы адкрыў 19-гадовы форвард каманды Вадзім Мароз. Лідэрства гаспадароў пратрымалася да сярэдзіны другога перыяду: на працягу трох хвілін „армейцы” адправілі ў брамку Аляксея Коласава адразу тры шайбы.

На старце заключнай трэці лічбы на табло зноў зраўняліся – па разу галкіпера супернікаў засмуцілі Джозэф Душак і Ігар Мартынаў. Аднак дацягнуць хаця б да авертайму мінчане не змаглі: за час, які застаўся, госці закінулі двойчы. У выніку перамога пецябруржцаў з лікам 5:3 – ужо чацвёртая вікторыя СКА над „Дынама” у гэтым сезоне.

Гэтая няўдача стала для падначаленых Вудкрафта трэцяй у чатырох апошніх матчах, яны маюць 42 ачкі, апусціліся на 8-е месца Заходняй канферэнцыі КХЛ.

„Нёман” і „Юнацтва” святкавалі чарговыя перамогі ў матчах беларускай экстралігі

У чацвер трыма матчамі ў Берасці, Маладзечне і Жлобіне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Другая каманда экстралігі „Нёман” у гасцях апынулася мацней за жлобінскі „Металург”, тым самым перапыніўшы чатырохматчавую пераможную серыю дзеючых чэмпіёнаў. Сустрэча скончылася з лікам 3:1, усе шайбы за гарадзенцаў закінуў нападнік Арцём Кіслы. Хакеісты „Гомеля”, якія да гэтага тура ішлі ў табліцы трэцімі, нечакана спатыкнуліся ў матчы супраць „Дынама-Маладзечна”. Па ходу паядынка „рысі” вялі ў два галы, але ў фінальнай 20-хвілінцы маладзечанцы арганізавалі камбэк, які прывёў да перамогі „бела-блакітных” – 4:2. У паралельным матчы менскае „Юнацтва” на чужым лёдзе абыграла „Брэст” 3:1, дзякуючы чаму адабрала ў гамяльчан бягучую трэцюю пазіцыю.

У другі дзень чэмпіянату краіны па плаванні ў Берасці разыграны дзевяць камплектаў узнагарод

У Берасцейскім абласным ЦАР па водных відах спорту працягваецца адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні на кароткай вадзе. На галоўным унутраным старце сезона вызначыліся пераможцы і прызёры ў дзевяці відах праграмы. На дыстанцыі 100 м батэрфляем залатыя медалі заваявалі Анастасія Куляшова ў жанчын і Арсеній Баржакоў у мужчын, у вырашальным заплыве на 200 м комплексным плаваннем першынствавалі Ева Андрасюк і Аляксей Рылько. На дыстанцыі 100 м на спіне перамогі святкавалі Анастасія Шкурдай і Віктар Стасяловіч, а ў жаночым фінале на 1500 м не было роўных Алесі Акінчыц. Таксама ў другі дзень турніру адбыліся дзве эстафеты 4х50 м вольным стылем, абодва заплывы выйгралі квартэты з Менска.

Беларускае Радыё Рацыя