Прэзідэнт Польшчы сустрэўся са Святланай Ціханоўскай і беларускай супольнасцю



У Варшаве ў Бельведэрскім палацы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся са Святланай Ціханоўскай і беларускай супольнасцю. Сярод гасцей падзеі былі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага кабінета, маці забітага Рамана Бандарэнкі, актывісты розных сфер дзейнасці.

Падчас свайго выступу Святлана Ціханоўская распавяла пра барацьбу беларускага народу за свабоду, прыгадала Алеся Бяляцкага і іншых палітзняволенных, а таксама адзначыла еднасць Польшчы і Беларусі. Працягвае палітык:

– У Варшаве на акцыях я чула „Менск-Варшава – супольная справа”. Праўду кажуць, што сябра спраўджваецца ў бядзе. Польшча паказала, што ёсць сапраўднае сяброўства. Дыктатура руне. Тыя адносіны, якія зараз будуюцца паміж польскім і беларускім народамі, застануцца.

Прамову Святланы Ціханоўскай публіка падтрымала воклічам „Жыве Беларусь! Жыве вечна!”.

Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Аліна Коўшык зазначыла, што атрыманне Алесем Бяляцкім Нобелеўскай прэміі міру – найбольш яркая падзея ў сферы нацыянальнага адраджэння і культуры за 2022 год:

– Для мяне гэта прызнанне барацьбы за незалежнасць, за нашу тоеснасць, за правы чалавека – Алеся Бяляцкага, я думаю, што ў яго асобе, усёй Беларусі. Я думаю, што гэта найлепшае рашэнне, якое мог прыняць Нобелеўскі камітэт, прызнаючы гэтую прэмію міру нашаму праваабаронцу за кратамі – Алесю Бяляцкаму. Канешне вельмі сімвалічна, што сёння, калі больш за 1600 палітвязняў афіцыйна ў Беларусі, адзін з іх – гэта нобелеўскі лаўрэат.

Аліна Коўшык таксама прыняла ўдзел у сустрэчы ў Бельведэрскім палацы лідара Польшчы Анджэя Дуды, палітыка Беларусі Святланы Ціханоўскай і беларускай супольнасці. Яна зазначыла, што гэтая сустрэча – важны крок у паразуменні паміж народамі.

Падчас сустрэчы прэзідэнта Польшчы Анджэй Дуда са Святланай Ціханоўскай і беларускай супольнасцю лідары краін шмат казалі пра міжнародную падтрымку.

Вядучая падзеі, экс-акторка Купалаўскага тэатра Крысціна Дробыш падкрэсліла, што такія сустрэчы дазваляюць паляпшаць узаемаразуменне паміж краінамі:

Насамрэч я разумею, што ёсць пэўная афіцыйнасць гэтага мерапрыемства і пэўны пратакол, скажам так. Тым не менш, сярод слоў, якія кажуць і прадстаўнікі польскіх уладаў, а таксама беларускай дэмакратычнай улады, то разумееш усё ж такі, што прайшло два гады і яны не прайшлі бясследна, я не не прайшлі ў нікуды. Ты сапраўды пачуваешся тут сапраўды, як у другім дома, я магу сказаць гэта як чалавек, якога Польшча прытуліла. Я бачу падтрымку.


„Таму вельмі добра, што на сустрэчы прысутнічаюць прадстаўнікі розных краін і сфер дзейнасці”, – зазначыла артыстка.

Беларускае Радыё Рацыя