Святлана Ціханоўская: Спадар Алесь, я ганаруся быць вашай сучасніцай
“Сёння Алесь Бяляцкі, а за яго плячыма і ўся вольная Беларусь атрымалі Нобеля”, — заявіла Святлана Ціханоўская пасля цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру.
Беларуская дэмакратычная лідарка прысутнічала на цырымоніі. Узнагароду атрымала жонка Бяляцкага – Наталля Пінчук.
„Алесь рухаў наперад свае каштоўнасці, беларускую годнасць яшчэ ў тыя часы, калі некаторыя з нас яшчэ не прыйшлі да гэтага або нават не нарадзіліся на свет. Я віншую нашага героя і ягоную жонку Наталлю Пінчук,” — сказала Ціханоўская.
Паводле яе слоў, разам з мноствам людзей ёй было складана стрымаць слёзы на прамове. „Спадар Алесь, я ганаруся быць вашай сучасніцай. Мы ўсе марым пра той час, калі Беларусь будзе вольная, а вы і ўсе палітзняволеныя будуць на свабодзе”, — сказала Ціханоўская.