Наталля Пінчук: Хваляванне было, але ўнутранае (абноўлена)
Наталля Пінчук – жонка лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага дала першае інтэрв’ю пасля цырымоніі ўручэння прэміі менавіта Беларускаму Радыё Рацыя з усіх беларускіх СМІ.
Алесь Бяляцкі не меў магчымасці перадаць поўны тэкст свайго Нобелеўскага выступу, таму Наталля Пінчук кажа, што перадала яго словы і думкі, выкарыстаўшы фрагменты з раней ім сказанага і запісанага.
Хваляванне было, але ўнутранае – кажа спадарыня Наталля, – яна разумела, што прадстаўляе ўсіх беларусаў.
РР: Як вы перажылі гэтую суботу? Наколькі гэта было для вас хвалююча? Таму што на трансляцыі я бачыў жанчыну, якая трымае сябе годна, спакойна, абсалютна не хвалюючыся і пры гэтым з такой унутранай мужнасцю. Як вы рыхтаваліся да гэтага выступу?
Наталля Пінчук: Гэта вынік, канешне, папярэдняй падрыхтоўкі, але што тычыцца выгляду і вось гэтага вонкавага спакою, то, зразумела, гэта было схавана. Усё хваляванне было схавана, неабходна было сябе сабраць у кулак, каб зрабіць усё годна і прыстойна. Таму што тут гучаў голас Беларусі, тут гучалі праблемы, звязаныя з Беларусюю, і гэта важна было сказаць, і гэта важна было агучыць.
РР: Вы чулі, што наўпрост у залі вас адчулі? Я асабіста бачыў, як падчас трансляцыі шматлікія плакалі, не стрымлівалі сваіх эмоцый.
Наталля Пінчук: Я, на жаль, не магла бачыць, таму што была ў акулярах, і акуляры якраз былі скіраваны толькі на тэкст, таму ў далечыні карцінка была размытая. Можа быць, так было і лепш, каб мне дадатковых эмоцый яшчэ не дадало, каб я не збілася з думкі, з тэксту. Таму я рэакцыі, на жаль, не бачыла.
РР: Як фармаваўся тэкст выступу гэтай нобелеўскай лекцыі, ці былі там менавіта словы, якія Алесь вам паспеў сказаць падчас вашага нядаўняга спаткання?
Наталля Пінчук: Так, там якраз першыя абзацы – гэта якраз тое, што Алесь сказаў мне, калі мы сустрэліся з ім.
РР: А далей вы ўжо склалі выступ з цытатаў, якія сам выказваў Алесь у розныя гады?
Наталля Пінчук: Так, якія былі сказаныя і надрукаваныя раней.
РР: Якія вы рэакцыі сустрэлі ўжо пасля свайго выступу, якія менавіта эмоцыі былі ў людзей, што вам асабіста выказвалі?
Наталля Пінчук: Рэакцыі людзей, ва ўсялякім разе тыя, якія мне даслалі, – станоўчыя, у тым плане, што яны адчулі, што гэта іх голас, што гэта голас іх родных, што гэта голас за іх родных, за ўсю Беларусь, якая зараз пакутуе ад таго прэсінгу, ад таго тэрору, які адбываецца ў нашай краіне.
РР: Таксама ўпершыню ў гісторыі Нобелеўскай прэміі ўвогуле прамова была агучаная па-беларуску. У гэтай сувязі ніякіх пытанняў не было, гэта было вырашана адназначна і без сумневаў, так?
Наталля Пінчук: Абсалютна, тут увогуле ніякіх ваганняў, тут адназначна было гэтае пытанне вырашанае і цікава, што Нобелеўскі камітэт пайшоў адразу насустрач і прычым прыватныя перапіскі з ім вяліся таксама на беларускай мове.
РР: І яны знайшлі перакладчыка, які дубляваў ваш тэкст у навушнікі ўсім прысутным, так?
Наталля Пінчук: Так, вядома, беларусаў шмат, і знайсці перакладчыкаў не складае цяжкасцяў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Сёння – апошні дзень Нобелеўскіх мерапрыемстваў у Осла, дзе традыцыйна ўручаецца Нобелеўская прэмія міру.
***
Адбылася сустрэча з прэм’ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гарам Стэрэ.
11 снежня ў Осла працягваюцца ўрачыстыя нобелеўскія мерапрыемствы. У гэты дзень ў сталіцы Нарвегіі пройдуць Сустрэчы у нарвежскім парламенце.
Лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру і іх прадстаўнікоў прыме Старшыня нарвежскага парламенту Масуд Гарахані. Потым адбудзецца экскурсія з гідам па нарвежскім парламенце, далей пройдзе сустрэча з Старшынём нарвежскага парламента, адбудзецца фотасесія і запісы ў гасцявую кнігу, а таксама сустрэча з Камітэтам па замежных справах і абароне. Яшчэ пазней лаўрэаты сустракаюцца з прэм’ер-міністрам Нарвегіі Сп. Ёнасам Гарам Стэрэ.
Беларускі бок прадстаўляюць Наталля Пінчук, жонка зняволенага лаўрэата Алеся Бяляцкага і суправаджальная асоба Яўген Вапа, старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя, даўні сябра сям’і Бяляцкіх. Перакладчыкам ёсць Алесь Лагвінец.
Украінскіх лаўрэатаў, як і на асноўных урачыстасцях напярэдадні, прадстаўляе Аляксандра Матвійчук, а расейскі „Мемарыял” – Ян Рачынскі.
Беларускае Радыё Рацыя