Улады Беластока адказалі на зварот бацькоў пра ўрокі беларускай мовы для дзяцей



13-га снежня прадстаўнікі беларускай дыяспары Беластока атрымалі афіцыйны адказ ад гарадскога Дэпартамента адукацыі па пытанні вывучэння беларускай мовы дзецьмі беларускай нацыянальнай меншасці.

Кажа настаўніца беларускай мовы, прадстаўніца беларускай дыяспары Беластока, Ганна Дар:

Бачу ў гэтым адказе ад дэпартамента адукацыі, што гэта не катэгарычная адмова і не фармальная адпіска. Яны заўважылі нашую праблему і нашую патрэбу ў дачыненні да беларускай мовы і культуры. Гэта сустрэча, якая будзе арганізавана паміж прадстаўнікамі міністэрства, урадавай адміністрацыі і дэпартамента адукацыі Беластока, яна гаворыць пра тое, што яны ўсё ж такі будуць шукаць нейкае рашэнне гэтай праблемы. Адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў міністэрства ўрадавай адміністрацыі ваяводства і дэпартамента адукацыі Беластока ў студзені наступнага года.

У сувязі з атрыманай інфармацыяй ад гарадскіх уладаў Беларуская Дыяспара Беластока склікае бацькоўскі сход для ўсіх зацікаўленых. Сход пройдзе 11 студзеня 2023 года ў 18:30 у хабе „Новая Зямля” (ul. Wyszyńskiego 6a, Беласток).

Асноўныя палажэнні пазіцыі ўладаў горада па пытанні навучання беларускай мове дзяцей з беларускай дыяспары Беластока:

Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі разумее патрэбу падтрымання культурнай і моўнай тоеснасці беларусаў, якія жывуць у Беластоку, а менавіта ў арганізацыі навучання беларускай мове.
У сувязі з гэтым быў складзены зварот да Прэзідэнта Рады Міністраў Матэуша Маравецкага з просьбай знайсці адпаведнае прававое рашэнне і фінансавыя сродкі. Пакуль адказу на зварот не атрымана.

Паводле актуальнага права навучанне беларускай мове ў школах арганізавана толькі для польскіх грамадзян, якія належаць да нацыянальнай меншасці.

Разам з тым органы ўлады бачаць праблему, якая будзе абмяркоўвацца на супольнай сустрэчы прадстаўнікоў міністэрства, урадавай адміністрацыі ваяводства і дэпартамента адукацыі Беластока. Сустрэча запланаваная на студзень 2023 года.

Беларускае Радыё Рацыя