Германія ўвяла новыя правілы падачы на шэнгенскую візу
Пасольства Германіі ў Менску змяніла парадак запісу на падачу дакументаў на шэнгенскую візу.
Цяпер замест адсочвання свабодных вокнаў трэба рэгістравацца ў спісе чакання, пасля чаго павінен прыйсці ліст з датай і часам запісу.
У пасольстве ўдакладняюць, што з прычыны высокага попыту ад рэгістрацыі да атрымання даты запісу можа прайсці да 4 тыдняў.
Увогуле працэс цяпер будзе просты, прынамсі тэарэтычна:
- рэгістрацыя ў новай сістэме;
- атрыманне электроннага ліста-пацвярджэння (ён можа пайсці ў спам — яго таксама трэба правяраць);
- атрыманне электроннага ліста з датай і часам запісу.
Пры гэтым парадак браніравання вокнаў на атрыманне нацыянальнай візы Германіі (на вызначаныя дату і час) не змяніўся, новаўвядзенне тычыцца толькі «шэнгена».