Агляд прэсы: вынікі адзінаасобнага кіравання
Лондан: напад Расеі з Беларусі малаверагодны. У Еўразвязе наспела карэннае рэфармаванне. Мэру Стамбула пагражае тэрмін і забарона на прафесію. Францыя як адказны па Еўропе за атамную энэргетыку. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Брытанская выведка пакуль не бачыць вялікай небяспекі паспяховага нападу Расеі на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Аднак там размясціліся іншыя расейскія рэзервісты», – перадае нямецкая газета Die Stern.
«Брытанскія спецслужбы пакуль лічаць малаверагодным паспяховы наступ Расеі на поўначы Украіны з напрамку Беларусі. Нядаўна Масква размясціла ў Беларусі дадатковых рэзервістаў, а сама краіна некалькі дзён таму правяла праверку баявой гатоўнасці сваіх узброеных сіл. Аднак цяпер нельга лічыць, што беларускія войскі і расейскія падраздзяленні могуць сфармаваць сілы, здольныя ажыццявіць паспяховы наступ на поўнач Украіны. Беларусь падтрымлівае вайну Расеі супраць Украіны — напрыклад, дазваляючы запускаць расейскія ракеты са сваёй тэрыторыі. Міністэрства абароны Вялікабрытаніі штодзённа публікуе інфармацыю аб хадзе вайны з пачатку агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны ў канцы лютага са спасылкай на звесткі выведкі. Робячы гэта, брытанскі ўрад хоча як супрацьстаяць вобразу Расеі, так і трымаць саюзнікаў у курсе. Масква ў сваю чаргу абвінавачвае Лондан у кампаніі па дэзінфармацыі і працягвае вучэнні ў Беларусі», – канстатуе нямецкае выданне.
Дэпутаты Еўрапарламента прынялі рашэнне аб канчатковым адхіленні Евы Кайлі ад пасады намесніка спікера. Раней Кайлі была арыштаваная па абвінавачанні ў карупцыі. Ёй ставіцца ў віну атрыманне грошай ад Катара ў абмен на лабіраванне інтарэсаў эмірата падчас прыняцця рашэнняў на ўзроўні ЕЗ. Бельгійская пракуратура сярод іншага абвінавачвае Кайлі і шэраг іншых падазраваных у хабарніцтве і стварэнні злачыннай арганізацыі. Еўрапейская прэса абмяркоўвае магчымыя наступствы прынятага кроку. „Брусель стварыў монстра”, – піша італьянская газета La Stampa.
«Брусель – гэта адзінае месца на кантыненце, у распараджэнні якога ёсць грошы (і вельмі шмат грошай!) і якое мае права вырашаць, якім чынам і калі іх выдаткаваць. Такім чынам, у цені Бруселя нарадзілася нешта бязмернае і неагляднае. Гэта – кіруючы апарат, занадта разадзьмуты і забюракратызаваны для таго, каб паддавацца рэальнаму кантролю. Сам факт таго, што на чале парламента стаіць прэзідэнт, у якога ажно 14 намеснікаў, ужо гаворыць пра тое, што перад намі – празмерная ўлада. Няцяжка зразумець, што тут мае месца вялікае мноства кропак скрыжавання і шчылін, скрозь якія здольна пралезці любая ініцыятыва і любая карупцыя. Скандал вакол грошай з Катара можа стаць правадніком першай еўрапейскай рэформы – рэформы, якую ЕЗ абавязаны правесці сам, а не навязваць яе іншым», – падкрэслівае італьянскае выданне.
У сераду турэцкі суд у першай інстанцыі прыгаварыў мэра Стамбула і прадстаўніка Рэспубліканскай народнай партыі Экрэма Імамаглу да двух гадоў і сямі месяцаў турэмнага зняволення. Такое пакаранне ён атрымаў за тое, што нібыта абразіў прадстаўнікоў выбарчай камісіі. Палітыку таксама забаронена надалей займацца палітычнай дзейнасцю. Імамаглу, які, хутчэй за ўсё, апратэстуе рашэнне суда, лічыцца перспектыўным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах у чэрвені 2023 года. «Гэты скандальны прысуд павінен мабілізаваць прыхільнікаў апазіцыі», – піша турэцкі партал T24.
«Гэта ўдар не толькі па судовай сістэме, але і па волі і голасе народа. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што судовая сістэма краіны ператварылася ў інстытут падпарадкавання і лаяльнасці. Іншымі словамі, правасуддзе знаходзіцца ў руках «аднаго чалавека», які засядае ў прэзідэнцкім палацы. Мы будзем змагацца за дэмакратыю, справядлівасць і свабоду, і мы адправім гэтага чалавека на спакой – гэта зробіць голас народа на выбарчых участках», – заклікае турэцкае выданне.
У студзені і лютым у Францыі плануюцца часовыя адключэнні электраэнергіі. Па чутках, гэтая мера заклікана прадухіліць некантралюемыя блэкаўты. Прычынай магчымых перабояў з’яўляецца тое, што зараз 18 з 56 французскіх прамысловых ядзерных рэактараў знаходзяцца на рамонце і адключаныя ад сеткі. Рамонт зацягваецца. У Швецыі таксама растуць засцярогі наконт магчымых перабояў у забеспячэнні электрычнасцю, таму было прынята рашэнне ўвесці ў эксплуатацыю рэзервовую ЦЭЦ, якая працуе на мазуце. «У галіне атамнай энергетыкі ўсе погляды зараз прыкаваныя да Францыі», – піша брытанскі часопіс The Economist.
«Францыя, наогул, павінна існаваць ва ўтульным цёплым святле, які атрымліваецца ў выніку кантраляванага расшчаплення атамнага ядра. Але не тут-то было! Атамная энергетыка краіны знаходзіцца на мяжы краху, паколькі ў апошняе дзесяцігоддзе мэнэджмент у гэтай сферы быў ніякі, ды і на палітычным узроўні паступалі вельмі неадназначныя сігналы. У Еўропе разлічваюць на тое, што французская атамная галіна гэтай зімой перастане быць клопатам для энергетычнай сістэмы, якая і без таго адчувае крызіс. А прэзідэнт Макрон і зусім робіць стаўку на «атамнае адраджэнне». Іншымі словамі, тое, як будзе развівацца сітуацыя, шмат у чым вызначыць, якімі вачыма будуць глядзець на Францыю апалагеты ядзернай энергетыкі па ўсім свеце – як на ўзор для пераймання або адмоўны прыклад», – падкрэслівае брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя