Наталля Сцепанцова: Уласны бізнэс – яшчэ адна падстава для аб’яднання беларусаў у Польшчы
Беларуская Дыяспара Беластока правяла бізнэс-сустрэчу для ўсіх зацікаўленых у хабе „Новая Зямля”.
Галоўную мэту мерапрыемства акрэсліла вядоўца вечара, прадпрымальніца з 10-гадовым досведам вядзення ўласнай справы, Наталля Сцепанцова:
– Галоўная мэта пазнаёміцца, пабачыць ці нас шмат. Я лічу, што бізнэс гэта таксама штосьці, што нас аб’ядноўвае. Гэта штосьці, што можа ствараць нашую рэпутацыю, як беларусаў. Мы можам падтрымліваць адзін аднаго, даваць адзін аднаму добрыя рады або ствараць нейкія супольныя, сумесныя праекты. Я бачу, што тут вельмі шмат людзей – гэта мяне цешыць.
Падчас бізнэс-сустрэчы беларусы Беластока даведаліся пра асноўныя пытанні адкрыцця ўласнага бізнэсу ў Польшчы, магчымасці для развіцця сваёй справы ды пазнаёміліся з прыкладамі паспяховых бізнэс-праектаў малых формаў прадпрымальніцтва на тэрыторыі Польшчы.
Для атрымання дадатковай інфармацыі па стварэнні і суправаджэнні бізнэсу ў Польшчы Беларуская Дыяспара Беластока запрашае далучацца да адмысловага тэлеграм-чата t.me/biznes_belastok.
Беларускае Радыё Рацыя