Памёр праваабаронца Алег Гулак
Пра гэта стала вядома бліжэй да вечара 16 снежня. Памёр Алег Гулак у Вільні.
Алегу Гулаку было 55 гадоў.
Алег Гулак – беларускі юрыст, грамадскі дзеяч, праваабаронца, старшыня «Беларускага Хельсінкскага камітэту». Нарадзіўся ён у верасні 1967 года ў Жылічах на Магілёўшчыне ў сям’і вясковых настаўнікаў. Працоўны шлях пачынаў на заводзе «Камертон» у Пінску, у сярэдзіне 90-х далучыўся да праваабарончага руху. Ён удзельнічаў у дзясятках судовых працэсаў па абароне правоў людзей – ахвяраў парушэння правоў чалавека ў Беларусі, вёў кампаніі маніторынгу выбарчага заканадаўства і выбарчага працэсу ў Беларусі ў розныя гады, рабіў аналітычныя агляды, цесна супрацаваў з іншымі праваабарончымі арганізацыямі, найперш „Вясной”
Кажа Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца і публіцыст: Проста шакавальна ашаламляльная навіна. Некалькі дзён таму мы ляцелі з Алегам Гулаком разам у самалёце ў Варшаву, ён не наракаў на здароўе, праўда, у дарозе перад вылетам здарыўся дадатковы стрэс. Але размаўлялі на розныя тэмы, ён дзяліўся сваім бачаннем грамадска-палітычнай і праваабарончай сітуацыі ў Беларусі. Беларуская праваабарончая супольнасць зазнала вельмі вялікую страту, гэта быў чалавек глыбокага аналітычнага мыслення і цвёрдай пазіцыі.
Беларускае Радыё Рацыя выказвае шчырыя спачуванні сваякам і блізкім Алега Гулака, яго сябрам і паплечнікам. Светлая памяць…