Агляд прэсы: Нарэшце!?
Пуцін зробіць рэдкі візіт у Беларусь для перамоваў з саюзнікам па вайне. Што зменіцца, калі Кіеў атрымае комплексы Patriot? Вотум недаверу ўраду Славакіі. ЕЦБ падняў ключавую стаўку. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Уладзімер Пуцін прыедзе ў Беларусь у панядзелак падчас свайго першага за больш чым тры гады візіту да свайго саюзніка па ўварванні Расеі ва Украіну.
Лукашэнка прыме ў Менску Пуціна для перамоў па пытаннях бяспекі і «сумесных мер рэагавання на ўзнікаючыя выклікі», а таксама аб эканамічным супрацоўніцтве, у тым ліку па імпартазамяшчэнні. У Крамлі заявілі, што лідары дзвюх краін сканцэнтруюцца на «стратэгічным партнёрстве і альянсе з акцэнтам на інтэграцыйным супрацоўніцтве», – паведамляе амерыканскае выданне Bloomberg.
„Гэта будзе першы візіт Пуціна ў Беларусь з чэрвеня 2019 года. Лукашэнка рэгулярна наведвае Расею і сустракаўся з Пуціным у Маскве, Санкт-Пецярбурзе, Сочы і на далёкім усходзе Амурскай вобласці пасля таго, як 24 лютага расейскі прэзідэнт аддаў загад аб уварванні ва Украіну. Лукашэнка дазволіў расейскім войскам перайсці ва Украіну з Беларусі ў іх няўдалай спробе захапіць украінскую сталіцу, Кіеў, у пачатку вайны, і ён паслядоўна падтрымліваў уварванне Пуціна, у той жа час устрымліваўся ад адпраўкі сваіх вайскоўцаў далучыцца да барацьбы. ЗША і Эўразвяз увялі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі за дапамогу Расеі ў вайне. Візіт Пуціна таксама першы з моманту жорсткага разгону беларускім лідэрам пратэстоўцаў пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. ЗША і ЕЗ адмовіліся прызнаць вынікі выбараў і падтрымалі лідарку апазіцыі ў выгнанні Святлану Ціханоўскую. А вось Пуцін падтрымаў свайго хаўрусніка і скарыстаўся крызісам, прымусіўшы Лукашэнку паскорыць эканамічную і палітычную інтэграцыю паміж Расеяй і Беларуссю, якія знаходзяцца ў так званай Саюзнай дзяржаве», – адзначае амерыканскае выданне.
Судзячы па ўсім, ЗША плануюць паставіць Украіне сістэмы СПА Patriot. Адпаведнае рашэнне можа быць абнародавана ўжо на гэтым тыдні. Пра гэта агенцтву Reuters паведамілі афіцыйныя асобы з Вашынгтона. Да гэтага часу саюзнікі Кіева не вырашаліся на пастаўкі падобнага ўзбраення. Ідэя Польшчы перадаць Украіне комплексы Patriot, якія належаць Германіі, правалілася з-за нязгоды Берліна. «Трэба ўмацоўваць украінскую СПА», – такі каментар дае нямецкая газета Deutschlandfunk.
«Нягледзячы на нібыта недахоп звычайных і крылатых ракет, расейскія акупанты ўсё яшчэ ўмудраюцца наносіць удары. Энергетычная інфраструктура Украіны зараз настолькі пашкоджана, што нават адзіночныя трапленні ў электрастанцыі і высакавольтныя лініі могуць пагоршыць і без таго сур’ёзную сітуацыю. Але Захад не павінен спыняцца на сістэмах СПА. Для здзяйснення контратак ужо доўгі час вельмі неабходны ракеты большай далёкасці, і Вялікабрытанія заявіла аб гатоўнасці да такіх паставак. Славакія, мяркуючы па ўсім, пастаўляе баявыя самалёты з уласных запасаў, і гэты крок таксама ўжо даўно наспеў», – падкрэслівае нямецкае выданне.
У Славакіі ўрад адпраўлены ў адстаўку: парламент вынес вотум недаверу кансерватыўна-папулісцкаму кабінету меншасці. Ініцыятарам галасавання стала ліберальная партыя Свабода і салідарнасць, якая да верасня гэтага года сама ўваходзіла ў склад кіруючай кааліцыі. Крытыка лібералаў была ў першую чаргу накіравана на міністра фінансаў Ігара Матовіча: яго абвінавачвалі ў злоўжыванні сваім службовым становішчам з мэтай помсты палітычным апанентам. Мясцовая прэса задаволена вынікам. «Матовіч спрабаваў прадухіліць галасаванне па вотуме і нават вырашыў быў падаць дзеля гэтага ў адстаўку, але тут жа перадумаў», – камэнтуе сітуацыю славацкая газета Pravda.
«Славакія ўздыхнула з палёгкай, таму што гэтая бясконцая блытаніна была ўжо невыносная. Аднак трэба сказаць, што альтэрнатывы, якія чакаюць нашу краіну – дрэнныя, а нават горшыя. У нас няма чароўнай палачкі, пры дапамозе якой можна было б начараваць нам новых палітыкаў. Тое, як Ігар Матовіч незадоўга да галасавання перадаў заяву аб адстаўцы супрацоўніку адміністрацыі прэзідэнта і тут жа выхапіў яе назад, сапраўды з’яўляецца «годным фіналам» яго працы ва ўрадзе. Ужо адно гэта павінна дыскваліфікаваць яго як палітыка», – падкрэслівае славацкае выданне.
Услед за Федэральнай рэзервовай сістэмай ЗША і Банкам Англіі ключавую працэнтную стаўку падняў і Еўрапейскі цэнтральны банк, у мэтах стрымлівання інфляцыі. Павышэнне склала 0,5 працэнтныя пункты і аказалася ніжэй, чым у мінулы раз. Разам з тым кіраўнік ЕЦБ Крысцін Лагард абвесціла пра тое, што ў наступным годзе ключавая стаўка будзе павышацца. У лістападзе ўзровень інфляцыі ў еўразоне крыху знізіўся – з 10,6 да 10 працэнтаў. «Біржам пакуль расслабляцца не даводзіцца», – адзначае бельгійская газета La Libre Belgique.
«Гандлёвыя пляцоўкі ўздыхнулі з палёгкай: узмацненне жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі, якое робіцца ў мэтах стрымлівання інфляцыі, аказалася менш жорсткім, чым папярэднія крокі. Тым не менш, фінансавыя рынкі некалькі аселі, у асаблівасці курсы акцый. Інвестары, магчыма, занадта паспадзяваліся на хуткае павяртанне да нармальнай дынамікі коштаў. Ліквіднасць, якая затапіла і без таго сядзячых на іголцы дапамогі эканомікі, выклікала інфляцыю іншага роду – інфляцыю фінансавых актываў, такіх як акцыі тэхналагічных канцэрнаў, крыптавалюты і нерухомасці. І гэтыя бурбалкі здзімаюцца, што азначае яшчэ больш складанасцяў для інвестараў», – прагназуе бельгійскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя