Польшча надалей будзе прызнаваць беларускія дыпломы аб адукацыі
Польшча надалей будзе прызнаваць беларускія дыпломы аб адукацыі – то бок, на гэта не паўплывае скасаванне рэжымам Лукашэнкі адпаведнага беларуска-польскага пагаднення. Такой дамоўленасці дасягнулі намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка і прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык падчас сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Міністэрства адукацыі і навукі Томашам Жымкоўскім і дырэктарамі дэпартамэнтаў Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы.
«Мы надалей будзем прызнаваць беларускія пасведчанні і дыпломы. Для нас пагадненне працягвае дзейнічаць», — сказаў Жымкоўскі.
Таксама прадстаўнікі Кабінета абмеркавалі магчымасць сумеснага з польскімі ўладамі рашэньня, якое б зрабіла апастылі ад уладаў Беларусі непатрэбнымі, а адсутнасць сертыфікату ЦТ — не перашкаджала б пры паступленні ў Польшчы беларускім абітурыентам, калі яны ня могуць яго атрымаць з прычыны рэпрэсій ці іншых важкіх прычын.
Таксама на сустрэчы разгледзелі пытанне рэпрэсаваных навучэнцаў беларускіх каледжаў, абмеркавалі стварэнне сеткі суботніх школ па вывучэнні беларускай мовы, літаратуры і гісторыі з магчымасцю выдачы дыпломаў. Польскі бок выказаў зацікаўленасць у прыняцці на працу беларускіх настаўнікаў пасля настрыфікацыі іх дыпломаў, паведамляе Кабінет.